9-га жніўня 2020-га года жыцці многіх беларусаў кардынальна змяніліся. Адбыліся выбары – пачаліся пратэсты. І змаганне ўсё яшчэ працягваецца.
9-га жніўня 2023-га ў многіх гарадах свету – у тым ліку і Варшаве – прайшлі маршы, прысвечаныя тым самым падзеям.
Пра імпрэзу, адметны дзень і ўжо змененае жыццё нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая паразмаўляла з Госцей Рацыі – суарганізатаркай маршу, прадстаўніцай аб’яднання “Беларусы Варшавы” і праекту “Craft Hand Lab” Марыяй:
РР: Што для цябе 9-га жніўня?
– Для мяне гэта дзень, у які былі прэзідэнцкія выбары, і калі стала зразумела, што трэба, каб закон працаваў. І гэта менавіта той метад, калі мы можам прыйсці на выбары і выбраць. Я памятаю, што гэты час, калі ішла прэзідэнцкая кампанія, я нават сачыла, гэта было як нейкі сюр, калі пераглядаеш тэлеканалы, нібы як серыял, што кожны дзень працягваецца. У нейкі момант, можа за месяц да пачатку выбараў, я змеркавала стаць назіральніцай на выбарах, і заўсёды старалася рабіць усё паводле закону. І таму, 9-га жніўня для мяне быў днём, калі я магла прыйсці, прагаласаваць і сачыць за тым, каб усё выбары былі празрыстыя, і каб усё было паводле закону. Увесь тыдзень я была назіральніцай, таму акурат пасля таго, як выбары скончыліся, мы прыйшлі на наш участак і чакалі, калі нам пакажуць пратаколы. Нам удалося зайсці ўнутр, – то было зусім нечакана, – толькі праз тое, што дзверы не зачыніліся добра. І таму наш чалавек змог прайсці і яго ўжо не выганялі, але намагаліся не паказваць яму. Толькі адна камісіі сумленна ўсё палічыла. І камісія баялася выходзіць – бачылі, што шмат людзей стаіць. Толькі тая камісія выйшла і мы ім ляскалі. А астатнія так баяліся, што да нас прыехаў АМАП, каб разагнаць усіх, каб яны выйшлі. Потым не ведалі, што ўжо рабіць, але я была вельмі стомленая ўсімі гэтымі днямі, і я пайшла спаць. А потым раніцаю я пабачыла навіны. Мы пайшлі да нашага дырэктара школы, каб размаўляць з ім, пра тое, дзе пратаколы. Мы сказалі, што гэта так не пакінем, будзем рабіць нешта далей. Усё, што я магла зрабіць, забраць дакументы майго сыну, што мусіў пайсці ў першы клас у гэтай школе.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле