Сумная вестка з Беларусі. Сяджу дома, хварэю на Ковід, і без таго не лепшы настрой. А тут гэтая нечаканая навіна – памёр Алег Гулак. Меў па сёньняшніх мерках усяго 55 гадоў, мог яшчэ шмат зрабіць дзеля беларускага грамадзтва. Вядомы правабаронца, з 1996 году ён працаваў у Беларускім Хэльсінскім камітэце, а з 2008 году быў старшынём гэтай праваабарончай арганізацыі. Як грамадзкі абаронца ўдзельнічаў у сотнях судовых працэсаў і грамадзкіх дзеянняў па абароне правоў асобаў, якія сталі ахвярамі парушэння правоў чалавека ў Беларусі. У 2016 годзе атрымаў прэмію ў сфэры правоў чалавека і законнасьці ад міністэрстваў замежных справаў Францыі і Нямеччыны.
Правабарончая дзейнасьць у сёньняшня Беларусі адна з самых небясьпечных. Калі не трапіш у турму, дык страціш здароўе ад стрэссаў і негатыўных эмоцыяў, напружанай працы і адчуваньня пастаяннай небясьпекі.
Пазнаёмілася асабіста з Алегам толькі сёлета ўлетку, калі ён прыехаў у Нью-Ёрк пад час візыту Маргарыты Ляўчук. Яны разам наведалі наш Беларускі цэнтр у Брукліне, дзе адбылася прыемная сустрэча з гэтымі выбітнымі асобамі. Алег падыйшоў да мяне і неяк вельмі па-сяброўску прывітаўся. А потым запытаўся пра майго сына Алеся. Я зусім не ведала, што яны добра знаёмыя, а нават і сябры. Мой сын мае такі характар, што раскажа толькі пра тое, пра што запытаюцца, а я не магла падумаць запытацца. Аказалася, што на пачатку 2000-тысячных, калі Алег прыязджаў у Амэрыку, яны з Алесем разам працавалі, зарабляі грошы і бавілі шмат часу разам. У іх склаліся добрыя адносіны і цяпер яны абодва былі радыя сустрэцца. Я зьвяла іх па тэлефоне.
Гэты раптоўны адыход Алега ў вечнасьць прынёс вялікі смутак і ў нашу сямью. Ад нас выказваем шчырыя спачуваньні родным і блізкім сп. Алега і ягоным паплечнікам у барацьбе за абарону правоў чалавека, якія жорстка ўтоптае ў гразь ашалелы дыктатрскі рэжым.
Сьветлая памяць сьветламу чалавеку!