Літоўскі еўрадэпутат паспрабаваў даведацца пра стан здароўя палітвязня Мікалая Статкевіча

Літоўскі еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус паспрабаваў высветліць у адміністрацыі глыбоцкай калоніі № 13 (Віцебская вобласць), у якім стане знаходзіцца палітвязень Мікола Статкевіч, але беспаспяхова.

„Нядаўна я напісаў ліст начальніку калоніі з просьбай даць інфармацыю пра стан здароўя Мікалая. Адсутнасць адказу не здзівіла. Будзьце здаровы і моцны, Мікалай!”, – напісаў у еўрадэпутат у „Твітары”.

28 ліпеня крыніца, блізкая да сям’і Статкевіча, паведаміла, што стан здароўя палітвязня ў калоніі пагоршыўся.

Апошні ліст ад Міколы жонцы Марыне Адамовіч прыйшоў 9 лютага. Больш за паўгода ад яго няма вестак. На шматлікія запыты і скаргі сям’я атрымлівае фармальныя адказы: перапіска не забаронена, „мы вам далі вычарпальны адказ”.

Нядаўна вярнулася медычная бандэроль, бо нібыта ад вязня не было на яе заявы. На бланку, які прыклеілі да вернутай бандэролі, падкрэслены пункт „адмова ад атрымання”.

racyja.com