Беларускі аўтапрабег у Літве прайшоў у суботу. Калона з апазнавальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі праехала па цэнтральных вуліцах Вільні і рушыла да беларускай мяжы. Там ля пункта пропуска «Каменны Лог–Мядзінінкай» ужо паўтара года існуе беларускі форт – у маленькай хацінцы тут жыве бадай самы вядомы выканаўца песні «Муры» Сяргей Космас. Беларусы Вільні прыехалі яго падтрымаць.
Спачатку ўдзельнікі аўтапрабегу наведалі знакавыя месцы Вільні, звязаныя з Кастусём Каліноўскім: Лукішскую плошчу, дзе ён быў пакараны, і капліцу на могілках Росы, дзе пахаваны парэшткі Каліноўскага і іншых паўстанцаў 1863 года.
Пасля калона рушыла «на Мінск», насамрэч да беларускай мяжы, да пункта пропуску “Мядзінінкай-Каменны Лог”. На шляху пастаянна трапляліся дарожныя ўказальнікі, якія паказвалі, колькі кіламетраў засталося да беларускай сталіцы, і таму было такое ўражанне, што калона аўтамабіляў з бел-чырвона-белымі сцягамі рухаецца на Мінск.
Наталля Калегава, кіраўнік арганізацыі «Дапамога», ініцыятар акцыі:
«Насамрэч мы заўсёды імкнемся падтрымаць людзей, якія ўнутры краіны змагаюцца з дыктатурай, няхай ціха, партызанскімі метадамі, але гэта ёсць. І другое, падтрымаць нашых хлопцаў, якія ва Украіне. 19 снежня мы ведаем, што Пуцін збіраецца ехаць у Мінск і гэта можа стаць ключавым пунктам, які паверне ход падзей. Вельмі шмат новых людзей прыйшло, якія яшчэ пару тыдняў таму былі ў Беларусі пад пераследам, а зараз яны ў Літве і на волі, для іх важна адчуць, што беларусы не здаюцца.
Мы зараз ля беларускай мяжы. Пачалося ўсё з чэрвеня 2021 года, калі мы тут блакавалі трасу супраць гандлю з Беларуссю. І з таго часу Сяргей Космас застаўся тут жыць. Ён зразумеў, што гэта яго місія. А наша справа толькі падтрымаць яго маральна і часам матэрыяльна».
І сапраўды форт Космаса на мяжы не заўважыць цяжка: паўсюль бел-чырвона-белыя сцягі, надпісы, зразумелыя ўсім беларусам, і пастаянна хтосьці спыняецца. Падчас нашага наведвання літоўцы нам расказвалі, што “беларускі Таракан ужо ўсіх дастаў і трэба яго як мага хутчэй скінуць”.
Паўтара гады таму Сяргей Космас, бадай самы вядомы выканаўца «Муроў», вырашыў пасяліцца паблізу мяжы і называе гэта сваім пратэстам.
Космас: «Я хацеў падтрымаць людзей, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі. Я, калі з’ехаў, вельмі доўга перажываў і зараз перажываю, што нічога не магу зрабіць, каб выцягнуць людзей з вязніц. Я кожную дубінку, якая трапляла па чалавеку, адчуваў на сябе. Гэта мая акцыя тут на мяжы. Калі чалавек пераязджае праз мяжу, і бачыць тут бел-чырвона-белыя сцягі, гэта стварае такі эфект, што нібыта ты выехаў з цемры ў святло. Людзі спыняюцца і ў іх слёзы на вачах».
Рэакцыю беларусаў на бел-чырвона-белы сцяг я ацаніла на ўласным прыкладзе: разам з двума ўдзельнікамі аўтапрабегу мы вырашылі падысці як мага бліжэй да беларускай мяжы. І адзін з хлопцаў нёс сцяг на дрэўку.
Тыя, хто ўязджаў з тэрыторыі Беларусі ў Літву сігналілі, паказвалі знак «перамога», фактычна ўсё як у Беларусі два гады таму. Тыя, хто вяртаўся ў Беларусь, рэагавалі асцярожна, хавалі вочы і падтрымку дэманстравалі цішком.
Падрабязны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.