Інклюзіўны вечар для дзяцей з інваліднасцю ў Беларускім моладзевым Хабе

Пасля падзеяў 2020 года словы «уцякач» і «мігрант» у беларусаў асацыюецца з палітычнымі рэпрэсіямі. Аднак гэта не заўсёды так. На фоне палітычных працэсаў у краіне, рэжым усю ўвагу надае пытанню ўласнага выжывання, зусім забыўшыся пра людзей з інваліднасцю. Зрэшты, Беларусь і раней, да палітычных хваляванняў, была далёка не самым камфортным месцам пражывання ў кантэксце інклюзіўнасці. Цяпер у адной толькі Польшчы пражываюць дзясяткі сем’яў з дзецьмі-інвалідамі.

Менавіта для іх у суботу ў беларускім моладзевым хабе адбылася «Вечар інклюзіўнасці». Арганізатар вечарыны, беларуская актывістка Эльвіра Каралёва, якая займаецца дапамогай людзям усіх узростаў з інваліднасцю, адзначае, што за мяжой знаходзіцца даволі шмат нашых суайчыннікаў, якія не змаглі атрымаць неабходную дапамогу на радзіме, а вось Польшча аказвае ім гэтую дапамогу, прычым, як правіла, бясплатна.

«Я б сказала, што бацькам дзяцей з інваліднасцю вельмі важна нават проста ўдзельнічаць у сацыяльным жыцці грамадства. Гэтыя сем’і вельмі зачыненыя, яны не выходзяць на розныя мерапрыемствы. Для іх важныя і безбарʼернае асяроддзе, дапамога, ды і проста добрая атмасфера, дзе ўсе цябе зразумеюць і не будуць пытацца пра нейкія асаблівасці, прыглядацца да цябе».

Па словах спадарыні Эльвіры, у чаце для людзей з інваліднасцю, які яна арганізавала ў Польшчы, ужо больш за 600 чалавек з самых розных краін. Мерапрыемства ў Моладзевым хабе ж было арганізаванае менавіта для дзяцей. Як адзначае Эльвіра Каралёва, дзецям з інваліднасцю вельмі цяжка сацыялізавацца і гэтае мерапрыемства накіравана менавіта на такую дапамогу. У холе хаба былі выстаўлены малюнкі і нават сапраўдныя карціны некаторых дзяцей, у дзетак была магчымасць знайсці тут сабе сяброў. У цэлым, тэма дапамогі людзям з інваліднасцю, дзякуючы працы многіх неабыякавых людзей атрымлівае ўсё большую агалоску.

«Наш чат «Инклюзивная Польша» расце. Да нас далучаюцца людзі з іншых краін. З аднаго боку мы рады, але з другога – гэта такая сумная радасць. Усім гэтым людзям патрэбная дапамога, гэта і парады і кансультацыі, як зрабіць у Польшчы дакументы па інваліднасці, куды звярнуцца ў розных сітуацыях. Але пакуль мы больш за ўсё маем патрэбу ў медыйнасці, у агалосцы. Каб людзі ведалі, што людзей з інваліднасцю ў Польшчы вельмі шмат і яны маюць патрэбу ў дапамозе».

Прасоўваць у медыяпрасторы ёсць што. Апроч іншых запатрабаванняў, некаторым дзецям вельмі патрэбна і дапамога ў пашырэнні іх творчасці, бо яны вельмі таленавітыя, нягледзячы на некаторыя цяжкасці, звязаныя са здароўем. З гэтым ім дапамагаюць прафесійныя журналісты, а таксама блогеры, якія далучыліся да праекта. Акрамя выставы карцін, падчас інклюзіўнага вечара адбыліся музычныя выступленні дзяцей. Як прызнаюцца іх бацькі, музыка вельмі дапамагае дзецям. Менавіта праз яе яны атрымліваюць магчымасць лепш адчуваць навакольны свет. Ну а для ўсіх астатніх, гэтыя дзеці з’яўляюцца прыкладам таго, што ўсяго можна дасягнуць маючы дастаткова жадання і мэтанакіраванасці. Адным з самых кранальных і запамінальных момантаў мерапрыемства стала выступленне хлопчыка з аўтызмам па імені Ваня, які, апроч іншага, пакутуе і на праблемы са зрокам. Тым не менш гэта не стала перашкодай для заняткаў музыкай. Як прызнаецца маці Вані, гэтае мерапрыемства вельмі важнае і спадзяецца, што калісьці яе сын будзе выступаць перад вялікай публікай, але зараз яму гэта даецца цяжка.

«Я лічу, што такія мерапрыемствы вельмі патрэбныя для сацыялізацыі, хоць Ваня быў вельмі супраць, я яго літаральна ўгаворвала пайсці. Публічныя выступленні яму цяжка даюцца, тут вельмі шмат шуму, шмат людзей. Асноўныя праблемы ў нас з камунікацыяй з аднагодкамі, мы вельмі дрэнна знаходзім агульную мову з аднакласнікамі. Але гэта напэўна больш мае праблемы, таму што яму добра і так. Гэта я хвалююся за яго».

Поўны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.

radiounet.fm