«Слова беларускае сваіх ненавіснікаў перажыве». Някляеў — аб прызнанні шэрагу кніг «экстрэмісцкімі»

Ілюстратыўны здымак з фэйсбуку Уладзіміра Някляева

Беларускі пісьменнік Уладзімір Някляеў адрэагаваў на абсурднае рашэнне лукашэнкаўскага рэжыму аб прызнанні шэрагу кніг (у тым ліку аўтарства самога Някляева) «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Думкамі на гэты конт ён падзяліўся на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

«Пасля таго як кніга маіх выбраных твораў была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі», у мой прыват у фэйсбуку накідалася шмат пытанняў, — адзначыў Уладзімір Някляеў. — Пытаюць, «што канкрэтна знайшлі ў кнізе экстрэмісцкае», «чаму для гэтага выбралі менавіта вашу кнігу выбранага» і г. д. Найважнейшае сярод усіх – пытанне настаўніцы з радзімы Уладзіміра Караткевіча: «Калі разам з вашымі творамі назвалі экстрэмісцкімі вершы Наталлі Арсеньевай, Ларысы Геніюш і нават 200 гадоў таму напісаныя вершы Дуніна-Марцінкевіча, дык што далей? Што будзе з Багушэвічам, Купалам, Коласам, Багдановічам, Караткевічам, Быкавым – з усёй беларускай літаратурай?»

Паводле меркавання Уладзіміра Някляева, далей «будзе тое (яно ўжо ёсць), што некалі было, і пра што напісана ў рамане «Гэй Бэн Гіном», пра які ў мяне пыталіся: навошта я ўзяўся за гістарычны твор, калі столькі наўкол сучасных сюжэтаў?».

«Дык вось сюжэт гэтага рамана з цкаваннем, пераследам і ўрэшце забойствам нацыянальнага генія Янкі Купалы, вынішчэннем беларускага слова як генетычнага кода нацыі і ёсць самым сучасным сюжэтам. Хоць пачаўся ён не ад сёння і не ад Купалы, і нават не ад Дуніна-Марцінкевіча – сучаснаму гэтаму сюжэту ўжо 300 гадоў», — тлумачыць пісьменнік.

«І што з яго вынікае? — дадаў Някляеў. — Толькі адно. Якія б хвалі вынішчэння мовы, культуры, гістарычнай памяці народа ні ўздымаліся ў мінулых стагоддзях, яны разбіваліся аб таямнічую, невытлумачальную (рамантычна выпісаную Караткевічам) векавечную моц беларушчыны, якая ў нашай зямлі і ў нашай вадзе. Гэтак будзе і цяпер. Слова беларускае ўсё ператрывае і ўсіх сваіх ненавіснікаў перажыве».

novychas.online