«Падобна таму, як легендарны эмісар польскай падпольнай дзяржавы перанёс нацысцкае зняволенне і катаванні, Анджэй Пачобут падвяргаецца аналагічнаму выпрабаванню на фізічную стойкасць, цвёрдасць характару і ўпартасць у духу надзеі», — гаворыцца ў абгрунтаванні Таварыства Яна Карскага.
Таварыства Яна Карскага падкрэсліла, што місія Пачобута «відавочна блізкая да місіі па спыненні Халакосту, зробленай Янам Карскім у 1942 годзе».
«Як легендарны эмісар польскай падпольнай дзяржавы перажыў нацысцкае зняволенне і катаванні, так і Анджэй Пачобут падвяргаецца аналагічнаму выпрабаванню на фізічную стойкасць, цвёрдасць характару і ўпартасць у духу надзеі. Як Карскі, вызвалены з турмы сваімі паплечнікамі, вярнуўся да барацьбы за Польшчу, так і Пачобут, вызвалены сіламі міжнароднай салідарнасці, вернецца да барацьбы за Беларусь і яе месца ў сям’і свабодных, самавызначаных таварыстваў і народаў», — заявілі прадстаўнікі таварыства.
Ян Карскі — удзельнік польскага руху супраціву, праведнік свету. У гонар 75-годдзя місіі Яна Карскага Таварыства Яна Карскага ў Нью-Ёрку адчаканіла медаль «75-годдзе місіі Яна Карскага» накладам усяго трыццаць асобнікаў. Дызайн медаля быў распрацаваны выбітным мастаком-жывапісцам Янушам Капустам з Нью-Ёрка, а праца выканана вядомым польскім медальерам Веславам Кулеем. Першы медаль быў уручаны ў Ватыкане Папе Рымскаму Францыску. У спіс узнагароджаных увайшлі прэзідэнты краін, грамадзянінам якіх быў Ян Карскі, — Польшчы, ЗША і Ізраіля, Абрагам Фоксман з Антыдыфамацыйнай лігі і дырэктар Еўрапейскай калекцыі Гувераўскага інстытута, доктар Мацей Сікерскі.
Нагадаем, Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года разам з іншымі актывістамі польскай нацыянальнай меншасці, дома ў яго адбыўся шматгадзінны ператрус. З таго часу ён за кратамі: спачатку ў следчай турме Жодзіна, пасля — у СІЗА № 1 у Мінску, ад верасня 2022-га — у СІЗА ў Гродне.
Працэс над Пачобутам праходзіў у Гродзенскім абласным судзе з 16 студзеня ў закрытым рэжыме. 8 лютага суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў палітзняволенага журналіста вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Ажыццяўленне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і ажыццяўленне наўмысных дзеянняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») і прысудзіў яму 8 гадоў зняволення з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У кастрычніку беларускія ўлады дадалі Пачобута ў «спіс тэрарыстаў». Днямі паведамлялася, што яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на шэсць месяцаў.