Аляксандр Адамковіч: Таварыства не стаіць на месцы, а развіваецца

Таварыства беларускай культуры ў Літве было створана ў Літоўскай Рэспубліцы ў 1989 годзе. Першапачатковая і галоўная мэта ТБК — адраджэнне, захаванне і развіццё беларускае культуры ў Літве. За мінулы час арганізацыя правяла сотні культурных мерапрыемстваў.

З старшынёй Таварыства Аляксандрам Адамковічам пагутарыў Алесь Аркуш:

РР: Лета ўжо заканчваецца, ужо можна сказаць, што адбывалася з Таварыствам, якія імпрэзы. Ці здзейснілася тое, што планавалася?

— Лета прайшло не так ужо бясследна. Зрабілі вандроўку на радзіму Багушэвіча, вярнулі шыльду Багушэвічу на бібліятэку Багушэвіча ў Савічунах — каля той вёскі ён нарадзіўся. У 2018-м рабілі рамонт, шыльду знялі і не вярнулі. Але дзякуючы новаму мэру Віленскага раёну Роберту Духневічу, якога цяпер абралі, ён паспрыяў вяртанню гэтай шыльды на будынак бібліятэкі. І вось ізноў на Савічунах усе ведаюць, што ля іх нарадзіўся Францішак Багушэвіч. Вось такая нашая праца. Зараз ізноў паедзем у вандроўку па Літве, і робім мастацкія пленэры.

РР: А што цяпер адбываецца з Таварыствам? Ці прыходзяць новыя людзі, штосьці адбываецца?

— Я б сказаў, што прыходзілі некалькі новых людзей, што актыўна далучаюцца. Калі яшчэ год назад нешта нічога не адбывалася, то ў гэтым годзе прыйшлі новыя людзі, дапамагаюць. І валанцёр на пленэры з’явіліся, і так ёсць людзі, што актыўна дапамагаюць. Таму Таварыства не стаіць на месцы, а пакрысе развіваецца.

РР: Цяпер адбываецца пленэр беларускіх мастакоў, што малююць Вільню. І пленэр прысвечаны юбілею Вільні. А ці запланаваныя нейкія выставы, што ў выніку будзе?

— Якраз першая выстава запланаваная з першага верасня, якраз у будынку мэрыі Віленскага раёну. Гэта першая пленэрная выстава, таму неўзабаве, фарбы не паспеюць высахнуць, ужо будзе выстава.

РР: А ці ёсць нейкі рытуал ці традыцыя адкрыцця пленэра?

— Традыцыя такая, што адкрыццё пад адкрытым небам на вулачках Вільні. Звычайна было каля дошкі Францішку Скарыне, сёлета было ў дворыку былой Віленскай беларускай гімназіі. Хаця і ў 2018-м, 2019-м пленэр адкрывалі там у дворыку. Таму гэта становіцца традыцыяй. Вельмі важна, што гэтым пленэрам цікавяцца літоўскія палітыкі. Быў дэпутат літоўскага сойму, што ўзначальвае камісію за дэмакратычную Беларусь і камісію замежных справаў Літвы, быў дарадца мэра Віленскага раёну, была дардца еўрапейскага парламентара — багата палітыкаў высокага рангу прыйшлі на адкрыццё пленэра.Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Алесь Аркуш, racyja.com