Напрыканцы мінулага тыдня ў Варшаве адбыўся першы баркэмп незалежных беларускіх фільммэйкераў, падзея як неабходная, так і залішняя, своечасовая і няўчасная. Карэспандэнт «Будзьмы!» паназіраў за працэсам, каб зразумець, куды і з якой мэтай ідзе беларускае кіно. Зноў ні халеры не зразумеў, але тэзісы ўсвядоміў. Дык вось, караценька.
Новы пачатак пачатку
Што беларускае кіно само не мае адказу на гэтае пытанне, было бачна ўжо з праграмы баркэмпа, дзе аказалася нямала гутарак з фармулёўкамі, поўнымі трывогі: «Смерць кіно ці жыццё пасля жыцця? Як сёння рабіць фільмы», «Як знайсці рэсурсы i выйсці за межы хтоні і дэпрэсняку», «Каму і куды жыве беларускае кіно?», «Крэатыў пасля эміграцыі з Беларусі: як з’ехаць і застацца ў кіно?», «Унутраная Еўропа супраць унутранай Манголіі. Ці можна забіць „Партызанфільм“ (у сабе)?».
Але ж ад пачатку тую нязручную разгубленасць з усяе сілы спрабавалі пераплавіць па старой звычцы ў натхнёнасць пачынальнікаў. Запрошаныя госці з вітальнымі словамі — прадстаўніца Каардынацыйнай Рады па пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык ды Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры — таксама спрычыніліся да гэтага даволі небяспечнага міфа пра пачатак адраджэння беларускага кіно і беларускай культуры ды трапілі ў рытарычную пастку, якая заўсёды ляжыць паміж згадкамі пра афарызм «Няма ніякага беларускага кіно і не будзе ніколі» і пра «Оскар» як арыенцір паспяховасці памкненняў.
Толькі каб зразумець небяспечнасць звароту да міфалогіі пачынальнікаў і адраджальнікаў, трэба ведаць, што беларускае кіно існуе ў рэжыме надзеі і перманентнага пачатку не першае дзесяцігоддзе, і пакаленне за пакаленнем прыходзяць, каб атрымаць свой крэдыт надзеі — што менавіта яно пачне новы этап, выцягне кіно з ямы, і ўсё будзе. Вы ўжо здагадаліся, пакаленні сыходзяць, рыторыка застаецца, усё працягвае пачынацца.
Спакуса яднання
Сёлетняя сустрэча адметная тым, што да таго, пакаленніцкага ўнутранага раздраю дадалася абсалютна аб’ектыўная эміграцыя. Тры гады спатрэбілася, каб рассыпаныя па розных краінах кіношнікі знайшлі магчымасці ды жаданне сабрацца разам па-за межамі фестывальнага фармату.
Як бачым, сустрэчы на фэсце беларускага кіно ў Варшаве «Bulbamovie» ды на анлайн-фэсце «Паўночнае ззянне» не мелі рэсурсу, дастатковага, каб камфортны фармат прэзентацыі фільмаў ды тусовачнага нэтворкінгу ператварыць у даволі нязручнае абмеркаванне болевых кропак. Кінематаграфісты былі не асабліва гатовыя.
Той самы канфлікт відавочны быў і на баркэмпе.
Радасць сустрэчы пасля раз’яднанасці, жаданне проста тусіць і не думаць пра цяжкасці моцна замінала абмеркаванням надзённых пытанняў, і з’явілася адчуванне, што наймацнейшай праблемай беларускага кіно сапраўды стала тое, пра што не гавораць, што пазбягаюць заўважаць з-за абсалютнай відавочнасці, — эміграцыя.
Можна чакаць, што праз яе любая будучая сустрэча будзе звальвацца ў радасць сустрэчы і адчуванне нарэшце яднання. Не тое каб гэта зусім перакрэсліць дыскусію, але ж ёсць адчуванне, што любая дыскусія будзе ў выніку зведзеная да ўзроўню гэтага простага яднання. У чым лягчэй яднацца, тое і абмяркуем.
Беларусі няма
Найчасцейшым слоўцам на баркэмпе было «ныццё», і часам здавалася, што ім намагаюцца патлумачыць усе аб’ектыўныя нястачы ды правалы, а таксама пазбегнуць абмеркавання нязручных пытанняў наконт адсутнасці рэсурсаў, раз’яднанасці, дужа цьмянай перспектывы, якая, скажам шчыра, усіх пужае.
Дык пра ныццё. Беларускае кіно і без таго заўсёды ныла, што яму не хапае падтрымкі і кам’юніці. Чуллівае да гэтага, цяпер яно мае ўсе шанцы стаць выключна такім, каб толькі на тым і факусавацца. Гэтаму добранька пасадзейнічае і тое, што далёка не ўсе кіношнікі наведалі баркэмп праз мноства непрагавораных прычын: хтосьці баяўся пераследу, хтосьці не меў візы, кагосьці не запрасілі, хтосьці быў заняты, а хтосьці ігнараваў яго праз датычнасць да іншай тусоўкі і стаўленне да арганізатараў, напрыклад. Усе падводныя камяні беларускага кіно мусяць з цягам часу стварыць неблагія плаціны, і эміграцыя толькі спрыяе замацаванню падзелаў.
Ці можна сказаць, што гэта быў злёт эмігранцкага кіно? Не тое, каб менавіта так, але ж у размовах і дыскусіях, са сцэны ды ў кулуарах Беларусь абміналася. Пустое месца на мапе станавілася яшчэ пусцейшым ад кожнага прамоўленага «я рэжысёр і мушу ўбудоўвацца ў еўрапейскае кіно, шукаць рэсурсы там», «мы незалежныя фільммэйкеры, і нашая мэта — лабіраваць беларускае кіно ў Еўропе, рушыць яго ў еўрапейскі кантэкст».
Трошку нязручных пытаннечак
Удзельнікі яшчэ стаялі на аптымістычных пазіцыях, маўляў, людзі ў Беларусі таксама могуць далучыцца да ініцыятыў эмігрантаў, але ж на тым абмеркаванне і заканчвалася, бо не прамаўлялася тое, што не прамаўляецца:
- — што першачарговая задача — неяк арганізавацца эмігранцкім гуртком, замацавацца і паспрабаваць атрымаць хоць трошку рэсурсаў для сябе;
- — што рэпрэсіі — працэс не застылы, і яны ўзмацняюцца, абапірацца на становішча 2022 года ўжо запозна, а прадказаць становішча 2025 года немагчыма;
- — што цікавасць эмігрантаў да сваёй беларускай ідэнтычнасці — толькі кароткі этап працэсу няўмольнай асіміляцыі;
- — што, нарэшце, няма ніводнага механізму трывалага кантакту з кіношнікамі ў Беларусі, а менавіта такі механізм і дазволіць беларускаму кіно захавацца хаця б у фармаце партызаншчыны;
- — што ёсць і пытанні, якія не прагаворыш публічна проста праз небяспеку, а збольшага праз нежаданне пра іх думаць.
З такіх няёмкіх і непрагавораных пытаннечак — стаўленне супольнасці да фільма Мікалая Мамінава «Хронікі рэчаіснасці», першага з часоў распаду супольнасці кейса, які вымагае абмеркавання і пазіцыі не проста дзеля салідарызацыі, а найперш дзеля бяспекі. Супольнасць гэты чэлендж праваліла. Нязручныя пытаннечкі такога кшталту публічна не абмяркоўваліся. Супольнасць, як ашчушчэнія?
Чэлендж яднання
Уласна, баркэмп быў сабраны, каб прэзентаваць аб’яднаўчыя ініцыятывы — Belarusian Filmmakers’ Network і Беларускую незалежную кінаакадэмію. Абедзве шматкроць падкрэслівалі свае місіі, сканцэнтраваныя на прасоўванні беларускага кіно ў еўрапейскую прастору. Абедзвюм даводзілася шматкроць адказваць на пытаннечка «Дык а ў чым паміж вамі розніца?» (апроч рознага складу заснавальнікаў).
Калі вас таксама клапоціць тое пытанне, то маем адказаць, што Belarusian Filmmakers’ Network, падалося, арганізацыя хутчэй прагматычная, накіраваная на стварэнне фільммэйкерскай базы: падрыхтоўкі кадраў і адукацыі, заснаванне цэху як супольнасці прафесійнай. У той жа час Беларуская незалежная кінаакадэмія прамаўляе асноўнай мэтай іміджавае лабіраванне беларускага кіно ў Еўропе і мае, выглядае, характар статусны.
Большых дэталяў паведаміць вам не можам, бо абедзве ініцыятывы пакуль не маюць рэальных рэсурсаў і найбліжэйшыя паўгода плануюць правесці ў рэжыме прысутнасці на выпрабаваных кінафестывалях. Хаця ў абодвух выпадках шматкроць прамаўляецца і пра рэсурсы, якія мяркуецца атрымаць у няпэўнай будучыні.
Такое становішча для беларускага кіно — не проста даўняе і нармалёвае, але ж нават і адзінае выгоднае. Пачынальнікі павінны заўсёды пачынаць. Калі гэты рэжым замацуецца выгнаннем, усе толькі падзякуюць, бо больш не трэба будзе адчуваць няёмкасць наконт перманентнага пачынання, выгарання ад нястомнага энтузіязму і нязменна мізэрных рэсурсаў.
Усё нармальна, мама
Такім чынам, пагушкаўшыся на арэлях ад ныцця, хтоні ды безнадзейнасці да натхнення браць і рабіць, ад выгарання да імпэту, ад «нічога няма» да «ўсё будзе», беларускае кіно колькі дзён пажыло тым нармалёвым, не надзвычайным жыццём, якое мы страцілі з пачаткам рэпрэсій і другі раз, ужо безнадзейна і канчаткова, страцілі з пачаткам вайны ва Украіне.
Былі ў гэтым нармалёвым жыцці паказы свежых фільмаў і гутаркі з аўтарамі, былі лекцыі пра мінуўшчыну і будучыню беларускага кіно, былі прэзентацыі кіношных медыя і рупліўцаў фестывальнага руху, майстар-класы для пачаткоўцаў і «гурткі спантаннай псіхатэрапіі» ў «курылцы» для тых, хто працягвае, і нават Кшыштаф Занусі быў — ён здаўна для беларускага кіно што той трыпутнік, ён жа коўч, ён жа легітымізатар памкненняў. (Але ж заўважым і тое, што цяпер пра такое нармалёвае жыццё бяспечна пісаць у медыя толькі агульнымі фразамі, і гэтае сціранне прысутнасці таксама давядзецца ўлічваць.)
Пан Занусі выканаў сваю місію: прызнаўшы абсалютную немагчымасць штосьці рабіць, выказаў спадзеў на моц працягваць, бо працягваць трэба проста насуперак, проста дзеля захавання. Тым дакладна рэзюмаваў і стан беларускага кіно, і адчуванні ўсіх яго ўдзельнікаў.
Разышліся на аптымістычнай ноце, нават з рэзалюцыяй. Пад канец баркэмпу быў абраны аргкамітэт Belarusian Filmmakers’ Network, і суцяшальны вайб новага натхняльнага пачатку напалам са шчымлівай шчырасцю развітання (дужа савецкая сумесь, якую мы атрымалі ў спадчыну ад Алімпіяды-80) выклікалі нарэшце тое самае ашчушчэніе, дзеля якога ўсе і з’ехаліся:
усё будзе, усё абавязкова будзе, можа, нават, і неба ў дыяментах, хто ведае.
На тым і спынімся: усё будзе. Да чорта падрабязнасці.
Акка Кнебекайзэ, budzma.org,
фота прадастаўлена belarusian filmmakers’ network (акрамя пазначаных)