Твор з іранічным падзагалоўкам «добрыя навіны для добрых людзей» з’явіўся на сцэне тэатра TRWarszawa 12 жніўня ў рамках беларускага тэатральнага фестывалю INEX ФЭСТ. Наколькі сёння актуальна рабіць пастаноўку апошняга рамана Альгерда Бахарэвіча і ці ўдалую форму яна атрымала ў рэжысуры Аляксандра Гарцуева — разбіраемся разам у крытычным матэрыяле.
«Хто пра*раў вайну — святкаваць не будзе!»
Аднак якраз «святам» па сутнасці і можна назваць увесь гэты спектакль. То прыходзячы, то сыходзячы, натоўп людзей розных узростаў і знешнасцей у касцюмах з камуфляжным узорам нават без адпаведных дэкарацый сам сабой удала стварае патрэбны вобраз грамадства — непрабіўной бурбалкі з атмасферай бясконцай вечарыны, дзе людзі клапоцяцца толькі самі пра сябе ды заядаюць і запіваюць перамогу, ніводнага доказу якой ніхто з іх нават не мае. Супакаенне прыгожымі завучанымі прамовамі Лёксы Шпуля (у выкананні Мікалая Стонькі) — «віноўніка ўрачыстасці», каралеўскага вестуна, які вярнуўся з прайгранай вайны з перайначанымі фантастычнымі навінамі, прадстаўляе гледачу гэты задаволены натоўп перадусім не як народ, а як «народзец», які не вельмі прагне разважаць над інфармацыяй самастойна, а толькі чакае, каб выйсці на Плошчу па дармавое віно і мяса.
Напышлівы і ўладарны Рэгент (у выкананні Алега Гарбуза), на прыём да якога трапляе вястун-самазванец Шпуль, усяляе яму думку, што менавіта інфармацыя — гэта веда, валодаць і ўмець карыстацца якой — значыць мець уладу. Аднак у дадзенай сітуацыі Лёкса апынаецца не проста выпадковым «шчасліўчыкам», якому Кароль нібыта даверыў данесці навіны аб перамозе свайго войска, але і чалавекам, які аніякай інфармацыяй карыстацца не здольны. Шпуль прыходзіць са сваімі навінамі не адзін — нават на такі адчайны план пазбягання шыбеніцы яго скіравала выпадковая жанчына, дачка палясоўшчыка Вераніка (у выкананні Валянціны Гарцуевай). Яна з’яўляецца, нібыта гром сярод яснага неба — адначасова ўважлівая і ўражлівая, моцная і чуллівая, «верная і варожая», і адзіная з усіх расказвае яму праўду пра новы закон, прыняты Рэгентам падчас адсутнасці Караля: той, хто прынясе з вайны благія весткі, будзе павешаны. Адсюль пачынаецца адлік сямідзённага падарожжа «вестуна»-Шпуля ў свет уласных фантазій у суправаджэнні Веранікі.
Сэксізм — барацьба з ім або пакора?
У гэтым кантэксце ўспамінаецца фраза Джона Ленана: «Без жанчыны нават Напалеон быў бы простым ідыётам». Аднак нават парады і разважанні Веранікі не ўратавалі персанажа Шпуля ад яго ўласнага глупства: замест уцёкаў і шанцу на выратаванне ён абірае сваіх апошніх сем дзён да вяртання Караля ў горад цешыцца жыццём у новым доме, з вакон якога бачна палац. Больш за тое, увесь час ён не хавае свайго грэблівага стаўлення да Веранікі, абражаючы і забываючы яе нават пакарміць.
«Ты — проста прыгожая ведзьма, д’ябал», — словы, якія не адзін раз у розных варыяцыях прагучаць на сцэне ў суправаджэнні сцэн фізічнага гвалту. І ні ў рамане, ні ў спектаклі ні разу не з’яўляецца спроба абвергнуць ці абараніць гэткае ўспрыманне жаночага персанажа, хаця Вераніка з’яўляецца асноўным каталізатарам падзей і ключавым рухавіком учынкаў Лёксы Шпуля — то-бок, разумным чалавекам, які шмат думае, разважае і спрабуе знайсці выйсце са снежнага кому Лёксавай хлусні. Нават візуальна на сцэне падкрэсліваецца яе індывідуальнасць — колер адзення Веранікі адрозніваецца ад астатніх касцюмаў. Яна адзіная апранутая не ў зялёную, а ў блакітную сукенку.
У гэты момант, з аднаго боку, раскрываецца дагэтуль актуальнае пытанне сэксізму — нават калі відавочна, што Вераніка разумнейшая за свайго каханага, на сцэне вымалёўваецца толькі абсалютная непавага да яе.
З іншага боку, гэтае пытанне так і застаецца адкрытым, і апошняя надзея на «ачышчэнне» вобразу Веранікі гіне разам з ёй — задыхаецца ў чорным цэлафанавым пакеце ад рук Лёксы, каб панесці ягоную таямніцу ў магілу.
Аднак усё ж цяжка сказаць, ці да месца менавіта ў кантэксце галоўных тэм твора «Плошча Перамогі» — то-бок «улада і нацыя, цана слова і славы» — размаўляць у тым ліку пра ролю жанчыны ў грамадстве і яе недаацэненасць, бо такі паварот падзей можа ў тым ліку ясна адлюстроўваць жыццёвую і людскую несправядлівасць, а таксама падкрэсліваць жорсткасць і безадказнасць галоўнага персанажа.
Як бы ні было, гераіня ў надрыўнай эмацыйнай падачы Валянціны Гарцуевай пакідае яскравае ўражанне, робячы з Веранікі запамінальны сімвал мудрасці, вернасці і шчырасці жанчыны, адначасова прымушаючы моцна задумацца аб яе стэрэатыпна вымаляванай ахвярнасці.
«І час спыняецца. І сонца гасне. І я стаўлю кропку і іду да цябе, мая любоў»
«Плошча Перамогі» — гэта перадусім свята бязглузднасці чалавечай логікі і свядомасці, абсурднае кола псеўданавінаў і самападманаў.
Аднастайнасць касцюмаў і схаваныя за імі твары людзей, з аднаго боку, трапна адлюстроўваюць праблему калектыўнага розуму і няздольнасці народа думаць і існаваць самастойна, незалежна ад інфармацыі, якая яму падаецца ад сумнеўнай крыніцы. З іншага боку, «казачкі канец» галоўнага героя Лёксы Шпуля, пазбаўленага ўсіх ушанаванняў і павагі — гэта доказ таго, што нават у натоўпе заўсёды знойдуцца тыя, чый давер да ўлады раптоўна пахіснецца толькі ад аднаго яе нечаканага кроку.
У інсцэніроўцы Аляксандра Гарцуева артысты запаўняюць усю прастору сцэны сюжэтнымі лініямі ўласных персанажаў і пражываннем насычаных падзей замест чаканых дэкарацый гарадскіх муроў ці галоўнай плошчы.
Героі рамана — у першую чаргу, ужо згаданыя Лёкса Шпуль і Вераніка, Рэгент, Амбасадар (у выкананні Аляксандра Зелянко), маці Лёксы (у выкананні Зоі Белахвосцік), Палясоўшчык (у выкананні Ігара Сігова), слуга Эдгар (у выкананні Аляксандра Казелы) не проста ажываюць на сцэне, а становяцца іншымі — больш выразнымі, нават набываюць больш пракрэсленыя і дакладныя рысы характараў.
Першапачатковае ўражанне недастатковасці ад паўпустой сцэны паступова адпадае, калі раскрыццё персанажаў адцягвае ўвагу нават ад фонавых маляўнічых праекцый з гарадскімі і ляснымі пейзажамі.
Пытанні чалавечай сумленнасці, гонару, адносінаў улады і народа, узнятыя спектаклем, здаецца, будуць актуальнымі заўсёды, калі меркаваць паводле крохкага стану сучаснага свету.
Пасля прачытання рамана застаецца пачуццё, што пастаноўка такіх твораў, як «Плошча Перамогі» Альгерда Бахарэвіча, папросту неабходная якраз з-за таго, што дагэтуль гісторыя людзей амаль нічому не навучыла ні ў пытаннях дзяржаўнага і грамадскага ладу, ні ў пытаннях узаемнай павагі і чалавечнасці, але адначасова спектакль Аляксандра Гарцуева падказвае, што надзея яшчэ ёсць.