Беларусам, якія за апошнія гады апынуліся ў замежжы, варта браць прыклад з папярэдніх хваляў беларускай эміграцыі. Дыяспара ХХ стагоддзя не разлічвала на замежную дапамогу ці гранты, а дзейнічала, абапіраючыся на ўласныя сілы. Такая думка прагучала ў Беластоку ад гісторыка Алеся Кіркевіча, які выступіў з лекцыяй «Беларуская эміграцыя: гісторыя і сучаснасць» у беластоцкім хабе «Новая зямля».
Беларусы з’язджалі з роднай зямлі ва ўсе часы. Адным з найбольш вядомых эмігрантаў быў яшчэ наш першадрукар Францыск Скарына, які жыў і выдаваў у Празе свае бясцэнныя для беларускай і сусветнай культуры кнігі. Менавіта з яго постаці і пачаў сваю лекцыю гісторык, які раней жыў у Гродна, Алесь Кіркевіч. З’язджалі беларусы і напачатку ХХ стагоддзя, напрыклад у Сібір, каб, дзякуючы сталыпінскім рэформам, знайсці вольныя землі для гаспадарыння. Паводле агучаных Кіркевічам лічбаў, колькасць тады пакінуўшых родную старонку склала каля 800 тысяч чалавек. Хтосьці дабраахвотна выязджаў на заробкі ў далёкія, нават заакіянскія краіны, а хтосьці, як бежанцы 1915 года – пад прымусам. Дарэчы, у той год беларускія землі пад ціскам царскіх улад пакінулі, як адзначыў Алесь Кіркевіч, каля 2 млн беларусаў.
Першая беларуская палітычная эміграцыя пачала складвацца сто гадоў таму і была звязана са зноў жа першай спробай з’яўлення на карце свету беларускай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі. Не дабіўшыся поспеху на роднай зямлі, дзеячы-стваральнікі БНР і тыя, хто іх падтрымліваў аказаліся за мяжой і там стараліся працягваць сваю палітычную дзейнасць. Праз пару дзесяцігоддзяў там жа аказалася і другая хваля выхадцаў з Беларусі – пасляваенная. Сярод яе прадстаўнікоў былі не толькі тыя, хто супрацоўнічаў з гітлераўцамі, але і звычайныя людзі, ведаўшыя, што значыць жыць пры Саветах.
У сваю чаргу прапаганда савецкіх ідэолагаў і іх цяперашніх ідэйных нашчадкаў у адносінах да беларускай палітычнай эміграцыі практычна аднолькавая. Гэта пераканаўча даказаў, прадэманстраваўшы выразкі з тагачасных савецкіх газет Алесь Кіркевіч. І ганьбаванне, і заклікі да вяртання – прыкладна тое, што мы чуем з вуснаў прадстаўнікоў афіцыйнага Мінску і разнастайных прапагандыстаў.
Разам з тым беларускае жыццё ў замежжы і тады, і цяпер ішло сваёй чаргой. Людзі, хоць і спадзяваліся некаторы час на хуткае вяртанне, потым «распакоўваліся» – будавалі жыццё на новых месцах, вучыліся, рабілі кар’еру, але не забываліся, што яны беларусы, святкуючы 25 Сакавіка і царкоўныя святы, шануючы слуцкіх паўстанцаў, ствараючы культурныя і навуковыя асяродкі, удзельнічаючы ў палітычным жыцці ў краінах, стаўшых іх другой радзімай.
Варта паказаць, што беларусы, якія выехалі апошнім часам з Беларусі, не ёсць унікальнымі ў сітуацыі эміграцыі, тлумачыць мэту правядзення лекцыі па абранай тэме Алесь Кіркевіч.
— Так ужо было і, магчыма, цікава азірнуцца на досвед хвалі эміграцыі 1940-х гадоў, калі беларусаў расцярушыла па ўсім свеце – да Аўстраліі, да Штатаў, да Вялікабрытаніі, да Францыі, і паглядзець, як людзі знаходзілі сябе, як легалізоўваліся, зараблялі, як займаліся беларускім жыццём, захоўвалі сябе беларусамі, Таксама паглядзець, з якімі перашкодамі яны спатыкаліся, якія рэчы можна і пераняць.
— Які досвед ад іх мы можам узяць?
— Досвед можа быць абсалютна розных ступеняў. Напрыклад, не трэба здзіўляцца, калі ў нас ёсць канфлікты ў нашым эмігранцкім асяроддзі, бо канфлікты былі і тады. Такі просты псіхалагічны досвед, што людзі канфліктавалі і гэта нармальна. І беларуская, і ўкраінская, і расійская эміграцыя антысавецкая раскалываліся. Так выглядае чалавечае жыццё – людзі часам маглі рабіць адну справу і асабіста адзін аднаго не «пераварывалі». І далёка не заўсёды гэта была работа спецслужбаў, а чалавечыя якасці.
Важная рэч, што, напрыклад, культурным жыццём, палітычным жыццём, нацыянальным жыццём табе лепей, калі ты ўжо ўладкаваны ў жыцці. Таму ў іх быў тэрмін «стаць на ногі». Калі ты «стаў на ногі», вывучыўся на нейкую працу, калі ты працуеш, калі атрымаў адукацыю, то ты ўжо становішся паважаным чалавекам і ты не тое, што не просіш дапамогі для сябе, ты можаш даць дапамогу іншым, ты не разлічваеш на нейкія знешнія сілы, якія дадуць табе грошы, грант ці нешта яшчэ. Ты разлічваеш толькі на сябе, і ты больш свабодны і спакойны ў прыняцці рашэнняў датычна таго, што ты робіш як грамадскі дзеяч.
Адметна і тое, што тыя эмігранты, як і мы цяпер, думалі што вернуцца вельмі хутка. Што вось зараз будзе Трэцяя Сусветная вайна, зноўку межы парушацца, Сталін не вытрымае доўга, не вытрымае канкурэнцыі з Захадам, і Беларусь будзе вольная і можна будзе вярнуцца ў свае дамы, на свае палеткі, у свае вёскі, гарады. Але атрымалася, што гэта гульня ўдоўгую і атрымалася, што ў выйграшным становішчы апынуўся той, хто хутчэй гэта зразумеў і хто хутчэй здзейсніў гэты этап распакоўкі чамаданаў, хто хутчэй зразумеў, што гэта надоўга і значыць, трэба сваё жыццё ўладкоўваць тут, а не жыць вечна госцем.
Безумоўна, мы не ведаем, ці зацягнецца гэта ўсё ў выпадку нашай хвалі эміграцыі, але трымаць у галаве, што можа быць такі доўгі варыянт, напэўна, псіхалагічна карысна, каб потым не было такой жахлівай фрустрацыі з-за таго, што чалавек згубіў столькі гадоў, чакаючы, што вось-вось наступнай вясной у Беларусі нешта зменіцца.