У чым ідэя стварэння суботніх школак для дзяцей беларусаў, што вымушана з’ехалі з краіны? Якія прадметы будуць выкладацца і ці давядзецца плаціць за навучанне? «Новы Час» спытаў у прадстаўніцы АПК па нацыянальным адраджэнні Аліны Коўшык.
— Спадарыня Аліна, што агулам уяўляе сабой сетка беларускіх школак у замежжы і ў чым мэта яе стварэння?
— Сетку беларускіх школ мы ствараем на аснове беларускай школы ў Варшаве. Мы разумеем, што вялікая колькасць сем’яў была вымушаная з’ехаць з Беларусі ў розныя краіны, адпаведна дзеці навучаюцца ў розных школьных сістэмах, на розных мовах, паступова губляючы сувязь з радзімай, з нашай мовай, літаратурай.
Але без дзяцей у нашай краіны не будзе будучыні. Таму вельмі важна ствараць праграмы, якія будуць утрымліваць дзетак у рэчышчы роднай мовы, краіны.
Першапачаткова гэта былі школы ў Польшчы – у Варшаве, Гданьску, Кракаве, Беластоку. Зараз імкнемся пашыраць сеткі і на іншыя краіны. Мэта састаіць у тым, каб дзеці вучыліся беларускай мове, літаратуры, гісторыі, мастацтву, мелі беларускіх сяброў. Мне здаецца, гэта вельмі добрая перспектыва.
Спадзяюся, што бацькам ініцыятыва таксама спадабаецца. Як маці, магу сказаць, што гэта вельмі зручна, калі ў суботу ты можаш аддаць дзіцёнка на пару гадзінак туды, дзе ён будзе мець файныя заняткі – цікавыя, з высокакваліфікаванымі настаўнікамі. Да таго ж гэта і добры камунікацыйны праект. Беларусы раскіданыя па розных краінах, але са з’яўленнем школак як у дзяцей, так і ў іх бацькоў з’яўляецца магчымасць знайсці сяброў свайго ўзросту і такім чынам захоўваць сувязь з радзімай.
Мы перакананыя, што большасць людзей, якія з’ехалі вымушана, вернуцца ў Беларусь. Але і тым, хто не плануе вяртацца, вельмі важна захоўваць беларускі дух.
Істотнасць гэтай практыкі паказвае досвед іншых краінаў, дзе падобныя школы адыгралі велізарную ролю ў тым, каб захоўваць дыяспары моцнымі. Мы пераймаем досвед у тым ліку польскіх грамадскіх школак, якія існуюць у розных краінах – іх методыкі, арганізацыю працы. Мы бачым, што гэтыя школы становяцца цэнтрамі жыцця супольнасці. Зараз асноўныя кропкі згуртавання беларускай дыяспары – культурніцкія цэнтры, грамадскія арганізацыі. Але падобных беларускіх школак у нас фактычна не існавала – дакладней, часам яны з’яўляліся ў некаторых краінах, потым прыпынялі сваю дзейнасць, як гэта адбылося ў Чэхіі альбо ў Англіі.
Зараз ёсць пачуццё, што нам усім гэта патрэбна для таго, каб далей працягваць існаванне. Так што мы пастараліся згуртаваць усіх энтузіястаў гэтай справы і выбітных настаўнікаў, у тым ліку тых, якія згубілі працу на радзіме, але вельмі хочуць далучыцца, каб разам, ужо цяпер, пачаць ствараць сучасную беларускую школу з сучаснымі методыкамі навучання. Быць можа, гэтыя школы стануць пачаткам нашага эксперыменту, але канешне ж мы марым пра стварэнне сапраўднай, паўнавартаснай беларускай школы. Спадзяюся, у будучыні ў нас гэта атрымаецца.
— Ці дастаткова, па вашых адчуваннях, попыту ў беларускіх бацькоў на такія школы?
— У сетку школаў запісаліся дзеці з 24 краінаў свету. У мінулым годзе ў беларускай школе ў Варшаве навучаліся каля 150 вучняў. У гэтым годзе будзе 27 класаў – 12 афлайн і 15 анлайн.
У варшаўскай філіі па суботах будуць заняткі для дзяцей ад 1 (першакласнікаў у нас больш за 100) да 6 класа. Вучні старэйшай групы (5-9 клас) з большага будуць навучацца анлайн, у аб’яднаных класах для дзяцей з розных краінаў і гарадоў.
Так што попыт не гігантычны, але ён дастатковы, што дазваляе нам запачаткаваць гэтую сетку школак.
— Атрымліваецца, далучыцца да заняткаў можна з любой краіны?
— Далучыцца можна сапраўды з розных краінаў, адзінае што ў Польшчы мы даем магчымасць афлайн-заняткаў, то-бок дзеці змогуць наведваць звычайныя школы, сустракацца там з сябрамі. Дзеці з іншых краінаў змогуць далучацца анлайн.
Але мы працуем над тым, каб максімальна пашырыць школку. Гэта вымагае вялікіх высілкаў. Патрэбныя падручнікі, працоўныя сшыткі… Так што працы яшчэ вельмі шмат. Але я спадзяюся, што гэтая ініцыятыва натхніць не толькі бацькоў, дзяцей, але і настаўнікаў дзеля таго, каб выпрацоўваць новыя методыкі навучання і прымяняць іх на практыцы. Мы вельмі стараемся, каб гэтая школа была цікавая, сучасная і натхняльная для нашых дзетак.
— Ці платнымі будуць заняткі?
— Мы зрабілі ўсё, каб знайсці фінансаванне для гэтай школкі, таму ўсе асноўныя прадметы будуць бясплатныя.
Не выключаю, што ў будучыні будзе ўведзеная невялічкая аплата за наведванне заняткаў. Гэта дасць магчымасць павялічыць якасць навучання, закупляць адукацыйныя матэрыялы, але на дадзены момант усе заняткі будуць бясплатныя. Да таго ж, магчыма, пазней мы зможам прапанаваць нейкія факультатыўныя заняткі, напрыклад, праграмаванне, логіка альбо музыка – штосьці такое, што не ўкладаецца ў звычайную праграму, але калі дзеці пажадаюць вучыцца дадаткова, то гэта можна будзе зрабіць платна.
— А ці прадугледжаныя заробкі для настаўнікаў?
— Так, настаўнікі будуць атрымліваць заробкі. Вельмі хацелася б, каб гэтых грошаў было дастаткова, каб на іх пражыць, але паколькі школкі толькі суботнія, гэта не пакрывае поўнай стаўкі настаўніка.
Тым не менш, спадзяюся, з часам школа будзе пашырацца і павялічвацца разам з намі, нашымі дзецьмі, і дасць магчымасць настаўнікам захавацца ў прафесіі. Гэта вельмі важна, каб яны не сышлі кудысьці, а выкарыстоўвалі свой досвед і веды для таго, каб навучаць беларускіх дзетак. Таму што ў Беларусі з працы павыкідвалі найлепшых, найбольш таленавітых настаўнікаў.
— Якія прадметы будуць выкладацца ў беларускіх школках?
— Перадусім гэта беларуская мова і літаратура. Канкрэтны набор прадметаў залежыць ад класаў.
Агулам мы называем гэта «беларускі кампанент школы». Калі дзеці навучаюцца ў школе польскай ці грузінскай, яны атрымліваюць базавую адукацыю, але, канечне ж, не атрымліваюць адукацыю, звязаную з Беларуссю. Геаграфія, гісторыя, літаратура, мастацтва – усё гэта будзе вывучацца ў школах.
— Хто займаўся распрацоўкай навучальных праграм?
— Мы стварылі сетку школак у тым ліку дзеля таго, каб настаўнікам было прасцей арганізаваць працу, таму што, калі такія школкі пачалі паўставаць, было заўважна, што іх праца была вельмі адрозная. Задачай было ўніфікаваць гэтую працу. Праграмы ствараліся нашымі настаўнікамі на базе беларускай школы ў Варшаве. Мы стараліся выкарыстаць розныя інавацыйныя магчымасці, якія дае сучасная школа. Шмат хто з настаўнікаў натхняецца прыкладамі скандынаўскіх, у прыватнасці фінскай школы. Мы плануем таксама навязаць з імі супрацу, якая перапынілася з прычыны вайны. Будзем паступова гэта ўсё аднаўляць.
Агулам нашая мара – на базе гэтай сеткі школ пабудаваць новую беларускую школу, школу новай якасці, якая паважае вучняў, развівае дзяцей, выхоўвае іх у годнасці, у любові да роднага і ў павазе да сяброў.
— Спадарыня Аліна, а ці застаецеся вы ў кантакце з настаўнікамі, якія ў Беларусі?
— Так, у нас ёсць кантакт з настаўнікамі з Беларусі. Зараз мы разам з Таццянай Шчытцовай, дарадцай Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, распрацоўваем дарожную мапу па рэформе адукацыі, гэта тычыцца школаў, ВНУ, а таксама Акадэміі навук. Так што мы робім крокі ў гэтым кірунку і разумеем, што гэта важна. Больш дэталёва распавесці не магу з прычынаў бяспекі, але гэтая праца ідзе.
Ёсць разуменне важнасці досыць хуткага рэфармавання сістэмы адукацыі Беларусі, таму мы хочам быць гатовымі да гэтага моманту. Праграмы ўзгадняюцца, распрацоўваюцца найлепшымі экспертамі, каб потым іх можна было прыняць.
— Як прасоўваецца справа з захаваннем беларускіх ліцэяў на Падляшшы, ці ёсць добрыя навіны?
— Пакуль мы працягваем змаганне, падключаем польскіх палітыкаў да вырашэння гэтага пытання. Ёсць пазітыўны фідбэк і разуменне неабходнасці захавання беларускіх ліцэяў з абавязковай беларускай мовай, але пакуль канчатковае рашэнне не прынятае. Мы змагаемся, застаемся ў кантакце з падляскай кураторыяй асветы і польскім Міністэрствам адукацыі.
— Ці правільна я разумею, што гэта бацькі вучняў прапанавалі адмовіцца ад вывучэння беларускай мовы ў беларускім ліцэі?
— Гэта быў адзінкавы выпадак – адна з навучэнцаў захацела адмовіцца ад вывучэння беларускай мовы, што справакавала пэўныя хваляванні сярод вучняў і бацькоў. Але дакладна нельга сказаць, што масава людзі пачалі адмаўляцца ад беларускай мовы.
У прынцыпе вывучэнне беларускай мовы застаецца. Толькі яно перастае быць абавязковым, а разам з ім стане неабавязковай і здача іспыту па беларускай мове пасля сканчэння школы. А калі дзіцёнку кажаш, што штосьці не ёсць абавязковым – вельмі цяжка прыцягнуць яго да навучання. Такая логіка дзяцей. Верагодна, калі б зрабілі не абавязковай польскую мову ці матэматыку, яны таксама з задавальненнем б адмовіліся.
Гэтыя ліцэі карысталіся папулярнасцю, там быў дастаткова высокі ўзровень навучання і дзеці ішлі туды проста таму што гэта добрыя школы. Беларуская мова была дадатковым бонусам, дзякуючы якому, у тым ліку, будавалася супольнасць нацыянальнай меншасці на Падляшшы. Таму так важна захаваць вось гэты беларускі профіль абавязковым, каб дзеці далей вучыліся, каб супольнасць захоўвалася, не размывалася пад уздзеяннем глабалізацыі і змяншэння ўплыву з Беларусі. Раней ліцэі шмат супрацоўнічалі з беларускімі школамі, але зараз гэта перапынілася. Таму мы будзем ствараць для іх магчымасці супрацы з беларускімі школамі замежжа, напрыклад, з гімназіяй Скарыны ў Вільні і беларускай школай у Рызе.
— Ці можа грамадства далучыцца да вырашэння гэтай праблемы, альбо няма такой патрэбы?
— Патрэба ёсць, гэта заўсёды добра, калі грамадства выказвае свой голас. Створаная петыцыя, можна яе падпісаць. Кожны подпіс вельмі карысны, таму заклікаем вас далучацца. Са свайго боку будзем працаваць палітычна, каб усё ж гэтае рашэнне было змененае і каб ліцэі засталіся ў тым выглядзе, у якім яны працавалі ўжо больш за 70 гадоў.