Дзяніс Дашкевіч: Не хачу больш нічога мець агульнага са сваёй былой краінай

Журналіст з Рагачова Дзяніс Дашкевіч, якога аштрафавалі за фота польскага прэзідэнта, адмовіўся ад беларускага грамадзянства і абвясціў пра закрыццё ўсіх сваіх праектаў, звязаных з Беларуссю. 

Дзяніс Дашкевіч, фота: Фэйсбук

«У сувязі з непераадольнымі абставінамі я вымушаны абвясціць пра закрыццё ўсіх сваіх праектаў, якія звязаныя з РБ, уключаючы заснаванае ў 2011 годзе мной выданне “Рагачоў Анлайн“. Таксама я накіраваў афіцыйны ліст у адрас адміністрацыі прэзідэнта РБ аб адмове ад усіх дзяржаўных узнагарод і званняў. МЗС Беларусі атрымала мой запыт аб адмове ад беларускага грамадзянства. Я не хачу больш нічога мець агульнага са сваёй былой краінай. Буду спрабаваць рэалізаваць свае ідэі ў новай краіне», — напісаў Дзяніс Дашкевіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Дзяніс Дашкевіч — 38-гадовы актывіст і журналіст з Рагачова. Больш за дзесяць гадоў ён вёў рэгіянальны рэсурс «Рагачоў Анлайн». З 2017 па 2020 год працаваў дырэктарам Цэнтра культуры ў вёсцы Побалава. Звольнілі Дашкевіча ўвосень 2020-га. Апошні год Дашкевіч жыве ў Польшчы, але мясцовая міліцыя па-ранейшаму складае на яго пратаколы.

У складзеным 31 ліпеня ад імя ўчастковага Віталя Сімакова пратаколе гаворыцца, што актывіст і рэдактар сайта «Рогачёв. Онлайн», будучы ў неўстаноўленым месцы, з 11.06.2021 па 17.07.2023  «размясціў інфармацыйную прадукцыю, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць». Пералічаны публікацыі на сайце, сярод якіх ёсць перадрук матэрыялу «Reuters» «Прэзідэнт Анджэй Дуда правёў кансультацыі з прэм’ер-міністрам і кіраўніком Міністэрства абароны». Для ілюстрацыі гэтай публікацыі Дашкевіч выкарыстаў здымак Анджэя Дуды на фоне бел-чырвона-белага сцяга. Міліцыя склала на актывіста пратакол за фота прэзідэнта Польшчы на фоне сцяга, падобнага на БЧБ. Высветлілася, што на яго данесла мясцовы ідэолаг Наталля Прус, а сцяг на здымку не мае дачынення да Беларусі. Унізе на палотнішчы бачная зялёная паласа, а ў цэнтры знаходзяцца дрэвы — гэта сцяг польска-венгерскай дружбы.

Пазней стала вядома, што за гэтае фота на Дзяніса Дашкевіча завялі крымінальную справу. Гэтую навіну мужчына даведаўся з дзяржаўнай раёнкі “Свабоднае слова”.

У канцы жніўня мужчыну аштрафавалі за фота з Дудай на 740 рублёў з канфіскацыяй «прадмета правапарушэння». Яго судзілі завочна.

novychas.online