Якія выклікі стаяць сёння перад беларускай культурай? Як умацоўваць сувязі паміж беларусамі ў розных краінах і пазбегнуць паглыблення культурнага падзелу. Якія задачы стаяць перад дзеячамі беларускай культуры ва ўмовах эміграцыі? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі падчас Першага Кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі, які праходзіў 16-17 верасня ў Варшаве. Пытанням ролі культуры ў фармаванні нацыянальнай ідэнтычнасці і беларускаму тэатру ў эміграцыі былі прысвечаны асобныя панэлі. Распавядаем пра асноўныя тэзісы, якія там прагучалі.
Роля культуры ў фармаванні нацыянальнай ідэнтычнасці
У якасці спікераў на панэлі, прысвечанай нацыянальнай ідэнтычнасці, выступілі паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў і сузаснавальніца кампаніі «Будзьма беларусамі», старшыня Рады згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская. У большасці выпадкаў выказаныя ідэі перакрыжоўваліся і сцякаліся да некалькіх галоўных тэзісаў, на якіх, па меркаваннях спікераў і гасцей панелі, павінна будавацца нацыянальная ідэнтычнасць, і адной з ключавых рэчаў тут з’яўляецца культура.
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч падзяліўся меркаваннем наконт «пазітыўнасці» і «негатыўнасці» культуры. Падзяляць яе такім чынам, або казаць, што культуры няма, бо яна заціснутая цэнзурай і будуецца толькі ў адным напрамку, на думку пісьменніка, фактычна немагчыма. Ён прыводзіў у прыклад Нямеччыну трыццатых гадоў, калі культура існавала, нягледзячы на таталітарны рэжым. Па словах Бахарэвіча, у такіх умовах культура ператвараецца ў інструмент прапаганды, аднак усё ж існуе і нават развіваецца. У гэтым кантэксце праводзілася паралель з сучаснай культурай у Беларусі, дзе ўсе незалежныя і вольнадумныя ініцыятывы падаўляюцца, а на змену ім паўстае іншая культура, якая не спрыяе адукацыі і развіццю людзей, а служыць дзяржаўнай прапагандзе.
Як адна з ключавых праблем была агучана недастатковасць або адсутнасць беларускай элітарнай культуры. Дэфіцыт якасных прадуктаў культуры, асабліва ў межах сённяшняй Беларусі, калі з паліц прыбіраюцца творы Уладзіміра Караткевіча і Алеся Разанава, а выданне альтэрнатыўнай сучаснай літаратуры наўпрост забараняецца, не дазваляе беларусам развіваць разуменне ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Эміграцыя тут грае важную ролю, бо большасць беларускіх твораў сёння выдаецца за межамі Беларусі такімі незалежнымі выдавецтвамі, як «Янушкевіч» у Варшаве, «Вясна» у чэшскай Празе або «Скарына» у Лондане.
У кантэксце выдавецкай дзейнасці падымалася пытанне мастацкіх перакладаў беларускіх твораў на замежныя мовы, каб беларускае слова гучала ў іншых краінах свету і было доказам таго, што нашыя аўтары таксама могуць прапанаваць якасны прадукт і азнаёміць замежных чытачоў з нашым нацыянальным кантэкстам. Немалаважна для беларусаў таксама і выданне замежных твораў у перакладзе на беларускую мову, што тасама ў сённяшніх цяжкіх абставінах існавання роднай мовы будзе спрыяць яе распаўсюду.
Культурны падзел Беларусі — сапраўдная небяспека ці безпадстаўная перасцярога
У некаторых спікераў з’явілася меркаванне, або, хутчэй, нават перасцярога, што Беларусь цягам часу можа культурна падзяліцца на дзве часткі: у гэтым кантэксце прыводзіўся прыклад Паўдневай і Паўночнай Карэі.
Паводле агучаных думак, беларуская культура ў эміграцыі сёння мае магчымасць для развіцця ў вольным кірунку, у той час, як культура ў геаграфічных межах Беларусі яе пазбаўлена, і, магчыма, людзі «па два бакі барыкад» з часам перастануць разумець адно аднаго нават у сэнсе нацыянальнай ідэнтычнасці.
Развіццё беларускай культуры — якой па сутнасці ўжо дзве — адбываецца ў абсалютна розных напрамках і абставінах, што не можа не адбівацца на камунікацыі паміж беларусамі «тут» і «там». Размовы аб «непадзяленні» беларусаў на дзве часткі з паглыбленнем у тэму прыводзяць да своеасаблівага тупіку, які заснаваны на радыкальна супрацьлеглых умовах развіцця беларускай культуры. Неаднаразова гучала меркаванне, што без культуры чалавек існаваць не можа, тым больш — ідэнтыфікаваць сябе як прадстаўніка той ці іншай нацыі.
Але галоўным тэзісам размовы ўсё ж стала думка, што мова — гэта аснова любой нацыянальнай культуры. Размаўляць на беларускай у паўсядзённым жыцці, пісаць, выдаваць і чытаць творы на ёй, ствараць і карыстацца беларускамоўнымі сродкамі інфармацыі з’яўляецца папросту неабходным для пачатку размовы аб нацыянальнай ідэнтычнасці народа.
«Нацыю можна лічыць сфармаванай тады, калі ў яе ёсць уласны тэатр»
Адна з панеляў Кангрэсу был прысвечана тэме беларускага тэатра па-за межамі краіны і яго перспектывам. У якасці спікераў выступілі актрыса Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» Зоя Белахвосцік, беларускія рэжысёры Аляксандр Гарцуеў і Юры Дзівакоў, польскі рэжысёр Павел Пасіні і кіраўнік фонда «Тутака» Павел Станкевіч. Падчас размовы ўздымаліся пытанні ўмоваў існавання і творчай дзейнасці артыстаў і культурных арганізацый у эміграцыі, абмяркоўваліся асноўныя праблемы ў арганізацыі творчага працэса.
Дыскусія аб беларускім тэатры ў эміграцыі шчыльна суадносіцца з тэмай папярэдняй панэлі Кангрэсу аб нацыянальнай ідэнтычнасці. Ключавым стала выказванне рэжысёра Аляксандра Гарцуева, які працытаваў вядомую думку аб тым, што нацыю можна лічыць сфармаванай, калі ў яе ёсць уласны тэатр.
Зоя Белахвосцік у сваю чаргу агучыла думку, што ў творца павінна быць магчымасць ажыццяўляць свае ідэі тут і цяпер, бо, калі яе няма, потым у яго не будзе жадання выказацца. На пытанне аб тым, дзе знаходзяцца беларускія творцы зараз, артыстка адказала даволі лаканічна і шматзначна — «у паветры».
Аднак складаныя ўмовы творчай працы ў эміграцыі не з’яўлюцца вялікай перашкодай для артыстаў менавіта дзякуючы моцнай падтрымцы беларускай культуры польскім бокам. У артыстаў ёсць магчымасці атрымліваць гранты і пляцоўкі для сваіх праектаў на разнастайных польскіх сцэнах. Іншай важнай рэччу Зоя Валянцінаўна назвала неабходнасць моцнага менеджерскага сектара — то бок, людзей, які будуць накіроўваць ў адміністрацыйных справах, дапамагаць рэалізаваць творчыя задумкі, дамаўляцца аб супрацоўніцтве з тэатральнымі інстытуцыямі. У тым ліку прагучала важнасць міжнародных творчых калабарацый — напрыклад, абедзве супрацы Купалаўцаў з польскім рэжысёрам Паўлам Пасіні артысты лічаць паспяховымі і карыснымі для ўзаемнага разумення нацый і абмену культурным вопытам.
На якой мове працаваць беларускім творцам за мяжой
Падчас дыскусіі закранулася пытанне мовы, на якой беларускім творцам трэба працаваць. Мэтай Незалежных Купалаўцаў у першую чаргу з’яўляецца захаванне творчага калектыву былых супрацоўнікаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і працяг рэалізацыі праектаў на беларускай мове дзеля яе папулярызацыі (пра гэта можна падрабязна прачытаць у нашым інтэрв’ю з рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым).
Рэжысёр Юры Дзівакоў у сваю чаргу распавядаў пра свае праекты на польскай мове і зацікаўленасць ў рэалізацыі тэатральных пастановак на іншых замежных мовах. Ён таксама адзначыў, што кожны творца павінен ісці ўласным шляхам і не азріацца на чужыя прынцыпы працы або густы. Прагучала меркаванне, што адсутнасць камфорту часам спрыяе развіццю тэатральнай сферы і падштурхоўвае да цікавых творчых рашэнняў.
Сярод гасцей панелі была таксама і рэжысёрка Паліна Дабравольская, якая выказалася наконт моўнага пытання і згадала свае два апошнія праекты, якія рабіліся на польскай і ангельскай мовах (пра адзін з іх можна даведацца больш у рэцэнзіі і інтэрв’ю з Палінай Дабравольскай). На думку Дабравольскай, гэта каштоўны вопыт для любога артыста, негледзячы на тое, знаходзіцца ён у эміграцыі ці не.
Некаторыя прысутныя пагадзіліся, што асабліва за межамі Беларусі творцам карысна ствараць праекты на мове краіны, у якой яны знаходзіцца, або на любых іншых — гэта спрыяе распаўсюду творчасці беларускіх дзеячаў тэатра ў свеце і дапамагае знаёміць замежнікаў з асаблівасцямі нашай тэатральнай культуры. Аднак для некаторых тэатральных творцаў усё ж асноўнай справай застаецца захаванне і распаўсюд менавіта беларускай мовы, бо, па іх меркаванню, гэта з’яўляецца асновай самаідэнтыфікацыі беларусаў як народа з выразным культурным кодам і спадчынай.