У сувязі з меркаваннямі бяспекі памежны пераход паміж Латвіяй і Беларуссю ў Сілене (з беларускага боку Урбаны) будзе закрыты ў аўторак, 19 верасня. Адпаведнае рашэнне прыняў Латвійскі ўрад, паведамляе Delfi.
Кабмін падтрымаў папраўкі ў загад «Аб аб’яўленні ўзмоцненага рэжыму працы сістэмы аховы мяжы». Ён закліканы спыніць працу пункта пропуску Сілене, усталяванага на трасе на дзяржаўнай мяжы з Беларуссю, улічваючы вялікую колькасць выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы паміж Латвіяй і Беларуссю і неабходнасць пераразмеркавання рэсурсаў.
Рашэнне аб закрыцці пагранперахода Сілене ўступае ў сілу з рашэннем урада.
У сярэднім праз Сілене заязджаюць 625 чалавек і выязджаюць 605 чалавек у дзень, а таксама заязджаюць і выязджаюць у сярэднім 87 і 85 грузавых аўтамабіляў.
Каб істотна не паўплываць на грузаперавозкі, а таксама на тэрмінова неабходныя паездкі, звязаныя з пастаянным выкананнем працоўных абавязкаў, а таксама з улікам гуманітарных меркаванняў, форс-мажорных абставін праца пункта пропуску Пяцерніекі на мяжы Латвіі і Беларусі працягнецца.
Міністр унутраных спраў Латвіі Рыхардс Казлоўскіс распавёў пра сітуацыю на мяжы паміж Латвіяй і Беларуссю, паведаміўшы, што напярэдадні больш за 100 чалавек былі спынены пры спробе нелегальнага ўезду ў Латвію. Паводле слоў міністра, мігранты, якія перасякаюць мяжу, усё часцей аказваюць супраціў памежнікам і Дзяржпаліцыі.
Закрыццё памежнага перахода Сілене дазволіць Латвіі перакінуць 40-50 памежнікаў для аховы мяжы ў іншыя месцы.
З іншага боку, прэм’ер-міністр Эвіка Сіліня дадала, што напружанне на мяжы ўзмацняецца, таму з мэтай эканоміі рэсурсаў памежны пункт Сілене закрываецца, каб паслаць сігнал Беларусі, што Латвія абараняе сваю мяжу.
Ужо больш за два гады на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца міграцыйны крызіс, штучна створаны рэжымам Лукашэнкі. Такім чынам Лукашэнка спачатку спрабаваў схіліць Польшчу, Літву і Латвію, а таксама Брусель да саступак на санкцыйным фронце. Калі ж з гэтай задумы нічога не атрымалася, закідам на чужую тэрыторыю лукашысты пачалі помсціць еўрапейскім краінам, зарабляючы пры гэтым на мігрантах нядрэнныя грошы.
У апошні час на фоне размяшчэння ў Беларусі расійскай ядзернай зброі і прыбыцця «вагнераўцаў» Польшча і краіны Балтыі пачалі рабіць больш жорсткімі меры ў адказ супраць Беларусі. Польшча і Літва закрылі дадаткова некалькі памежных пераходаў, цяпер, калі міграцыйныя патокі былі пераарыентаваны на Латвію, тое ж самае зрабіла і Рыга.
Пры гэтым краіны ЕС, якія суседнічаюць з Беларуссю, па-ранейшаму не выключаюць варыянту поўнага закрыцця мяжы.
novychas.online паводле delfi.lv