Суд Цэнтральнага раёну г. Менску прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ўзнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі: Ордэн Пагоні, Ордэн Жалезнага рыцара, Медаль за баявыя заслугі і Медаль да стагоддзя БНР.
Адпаведнае рашэнне суда датуецца 18-ым верасня. Сітуацыю каментуе сакратар інфармацыі Рады БНР Алесь Чайчыц:
— Гэта незаконны вырак лукашэнкаўскай судовай сістэмы, што апрача гэтага нясе адказнасць за шматлікія палітычныя прысуды, за незаконныя зняволенні людзей. Рада БНР будзе дамагацца таго, каб гэтыя ўзнагароды ў будучнай Беларусі зрабіць часткай сістэмы ўзнагароджанняў. Каб узнагароджаныя атрымалі адпаведныя льготы, прывілеі ад беларускай дзяржавы. Цяперашні вырак лукашэнкаўскага суда падкрэслівае каштоўнасць гэтых узнагародаў, на нашую думку, і падкрэслівае заслугі гэтых людзей і важнасць таго змагання, што мы цяпер вядзем.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле
Вядома, што Ордэн Пагоні і Ордэн Жалезнага рыцара – гістарычныя ўзнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі, заснаваныя ў 1949 годзе. У 2018 годзе Рада БНР заснавала Медаль да стагоддзя БНР. У 2023 годзе заснаваны Медаль БНР за баявыя заслугі дзеля адзначэння ваяроў-беларусаў, якія праявілі адвагу ў баі.