Новы сайт Kamunikat.org: яшчэ больш кніг і магчымасцей

Вокладка «Цынкавыя хлопчыкі»

Анлайн-бібліятэка Kamunikat займела абноўленую версію сайта, а таксама запусціла шэраг літаратурных ініцыятыў.

Сярод іх, напрыклад, запіс і выданне аўдыякніг сучасных беларускіх аўтараў — Андрэя Федарэнкі, Уладзіміра Арлова, Барыса Пятровіча, Алеся Аркуша, Артура Клінава, Валеры Гапеева і іншых.

Камунікат арганізуе таксама літаратурныя івэнты. Гэтак сёлета адбыўся еўрапейскі тур з Уладзімірам Арловым — больш за 10 гарадоў у чатырох краінах (Польшча, Нямеччына, Італія і Літва). Але мэта такіх імпрэзаў, дзе б яны ні праходзілі, не толькі выключна культурніцкая. Гэта заўсёды нагода для аб’яднання беларусаў і сустрэч з беларускай дыяспарай, з тымі людзьмі, якія не па сваёй волі з’ехалі з Беларусі.

Камунікат працягвае і свой амбітны праект — выданне аўдыяверсіі «Галасоў утопіі» нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Апублікаваная ўжо трэцяя кніга серыі — «Цынкавыя хлопчыкі». Упершыню яна выходзіць па-беларуску і без цэнзуры.

Аднак асноўным кірункам Kamunikat.org застаецца збор і захаванне кніг і перыёдыкі, якія выходзяць па-беларуску ці пра Беларусь.

Зараз сайт стаў максімальна сучасным, дзякуючы новаму дызайну і аптымізацыі пад самыя розныя дэвайсы і прылады. Таксама хутчэй сталі загружацца старонкі і выданні.

budzma.org