25 верасня 85-гадовы юбілей святкуе Вячка Целеш!
Спадар Вячка Целеш стаяў ля вытокаў ЗБС “Бацькаўшчына” і ад самага пачатку ўваходзіў у Раду. Ён сусветна вядомы беларускі мастак, заснавальнік і лідар (да 2021 года) Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры “Світанак”, сябра Латвійскага саюза мастакоў, кавалер найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Латвіі – ордэна Трох Зорак.
Вячка Целеш уваходзіў у Кансультацыйныя рады пры прэзідэнтах Латвіі, баронячы інтарэсы беларусаў. Дзякуючы намаганням спадара Вячкі атрымалася, сярод іншага, стварыць Рыжскую беларускую пачатковую і Рыжскую беларускую асноўную школу імя Янкі Купалы (ён стаў яе першым дырэктарам), запусціць на Латвійскім радыё трансляцыю беларускай праграмы “Світанак”, заснаваць пры школах мастацкія студыі “Вясёлка” і “Nordeka”.
Таксама спадар Вячка вядомы як аўтар грунтоўнага гістарычна-мастацкага даследавання “Беларускія мастакі ў Латвіі. 1920–1990”, а таксама філакартычных “Гарады Беларусі на старых паштоўках”, “Мінск на старых паштоўках” і “Рыга на старых паштоўках”, якія часта перавыдаюцца і карыстаюцца сталым чытацкім попытам і аўтарытэтам сярод еўрапейскіх даследчыкаў.
Ад усяго сэрца віншуем дарагога юбіляра і зычым яму моцнага здароўя, творчага натхнення, скарэння новых мастацкіх вяршыняў і здзяйснення ўсіх мараў!