Былы кіраўнік іркуцкіх Таварыства беларускай культуры і моладзевага клубу «Крывічы» Алег Рудакоў разам з жонкай Вольгай выйшлі на волю, адзседзеўшы 30 сутак, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на BPN.
24 жніўня яны былі затрыманы ў сваім доме ў вёсцы Бяздзедавічы Полацкага раёну – прычынай арышту сталі каментары Алега і Вольгі Рудаковых ў інтэрнэце.
«Алега і Вольгу адпусцілі некалькі дзён таму, але сказалі рыхтавацца да суда па экстрадыцыі ў Расію», — сцвярджае суразмоўца агентцва.
Алег Рудакоў больш за 30 гадоў пражыў у Расіі, стварыў і на працягу 17 гадоў узначальваў у Іркуцку таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. У 2020 годзе канчаткова вярнуўся ў Беларусь. Яго жонка Вольга вядзе майстар-класы па традыцыйным беларускім гафце ў полацкім Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.