Тры аўдыёкнігі ад Камуніката на восеньскія вечары

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org заканчвае верасень трыма новымі аўдыёкнігамі.

Да аўтарскай групы далучыліся дзве пісьменніцы: Людміла Рублеўская і Маргарыта Латышкевіч. Таксама была запісаная яшчэ адна кніга Барыса Пятровіча!

Людміла Рублеўская — Пантофля Мнемазіны. Чытае Зміцер Бартосік

У рамане Людмілы Рублеўскай «Пантофля Мнемазіны» віртуальная рэальнасць самым неверагодным чынам перамешваецца з сучаснасцю і падзеямі позняй сталінскай эпохі. Аўтарка ставіць герояў перад выбарам: змірыцца, стаць часткай сістэмы альбо ўпарта абараняць выспу ўнутранай свабоды.

Маргарыта Латышкевіч — Трыснёг пад ветрам. Чытае Кацярына Ваданосава

Міфалагічнае фэнтэзі «Трыснёг пад ветрам» падхоплівае тэму загадак і росшукаў. Экспедыцыя з трох чалавек выпраўляецца ў загадкавы горны край. Што чакае свайго часу ў старых шахтах? Ці праўдзівыя показкі пра гэтыя мясціны? І якую сілу маюць над людзьмі іхнія сны — нават на яве?

Барыс Пятровіч — Спачатку была цемра. Чытае Віктар Сямашка

Мы жывём, пакуль святло ў нас перамагае цемру… Да такой высновы прыходзіць галоўны герой гэтай кнігі, які прабыў без прытомнасці — у цемры — амаль тры гады і паступова вяртаецца да жыцця, згадваючы, хто ён, адкуль і за што яго хацелі забіць… Падзеі разгортваюцца ў 90-я гады мінулага стагоддзя ў жахлівых умовах закінутага дома-інтэрната на чарнобыльскім Палессі, на фоне вялікіх пераменаў, што адбываліся тады ў незалежнай Беларусі.

kamunikat.org