Абраныя праз конкурс удзельнікі праграмы «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» здзейснілі адукацыйны візіт у Германію. Яны наведалі сталіцы Германіі і адной з федэральных зямель краіны і прынялі ўдзел у сустрэчах з чальцамі бізнес-асацыяцыі, экспертамі ў Бундэстагу, прадстаўнікамі ўрада і ландтагу (парламента) адной з федэральных зямель.
Сярод асноўных пытанняў сустрэч – досвед падрыхтоўкі эфектыўных менеджараў у сферы дзяржаўнага кіравання.
Racyja.com пагутарыла з намеснікам прадстаўніка па транзіце ўлады Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юрыем Губарэвічам пра тое, які досвед дзяржаўнага кіравання беларускія рэзервы пераймаюць для адбудовы Новай Беларусі; якое галоўнае адрозненне нямецкай і беларускай сфераў дзяржаўнага кіравання; і досвед якой еўрапейскай краіны можа стаць базавым для адбудовы дзяржаўнай сістэмы Беларусі ў пераходны перыяд:
РР: Абраныя конкурсам удзельнікі спецыяльнай праграмы „Кадравы рэзерв для Новай Беларусі“ здзейснілі адукацыйны візіт у Нямеччыну. Ці можаце расказаць пару словаў пра тое, хто гэтыя людзі, як яны перамаглі ў гэтым конкурсе, і што ад іх чакалася ў выніку?
— Адбор удзельнікаў адбываўся ў дзве ступені, бо ў кадравым рэзерве каля 500 людзей, гэта велізарная колькасць прафесіяналаў. І было важна адабраць тых, каму цікавая канкрэтная тэма кіравання ў Нямеччыне, таму мы правялі анлайн-лекцыі, нямецкі прафесар выкладаў. На гэтых лекцыях было каля 100 людзей, ужо яны мелі магчымасць запоўніць адборныя анкеты для візіту, мы атрымалі 45 заявак, 15 з іх было з Беларусі. Мы адразу папярэджвалі, што падобныя візіты могуць прывесці да кепскіх наступстваў. Будучы ў кадравым рэзерве варта ўлічваць гэтыя рызыкі. Удалося адабраць групу ў 10 чалавек — акурат столькі месцаў было адведзена на гэты візіт, гэта дастаткова моцная група. Людзі ўжо мелі досвед кіравання ў Беларусі, і вядзення бізнесу, людзі, што працавалі ў дзяржаўных і прыватных структурах.
РР: Гэтыя людзі гатовыя да таго, каб у пераходны перыяд узяць уладу ў свае рукі, пачаць кіраваць па лепшых еўрапейскіх узорах?
— Вядома, аднаго такога візіту на 14 дзён не досыць. І не досыць, мабыць, велізарнага цыклу лекцыяў, бо гэта тэорыя. Але спалучаючы такія падыходы мы паступова прасоўваемся да нашай мэты, падрыхтоўкі спецыялістаў. Яны маюць розны ровень, хтось меў досвед працы ў беларускай сістэме дзяржаўнага кіравання, і якраз еўрапейскія практыкі дазваляюць пераасэнсаваць ролю дзяржаўных структураў, іхныя ўзаемаадносіны з грамадствам, ролю правоў чалавека, ролю адкрытай і празрыстай камунікацыі. Гэта можна было пабачыць на прыкладзе нямецкіх, як дзяржаўных установаў, так і тых, што займаюцца лабіяваннем грамадскіх інтарэсаў.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле
Далучыцца да кампаніі можна праз афіцыйны сайт: https://pr-belarus.org/be/