Святар, які звярнуў увагу Ватыкана на беларусаў як асобную нацыю. Выйшла кніга «Выбранае» айца Льва Гарошкі

Дзейнасць Айца Льва Гарошкі ў замежжы мела без перабольшвання грандыёзныя маштабы. Віртуозны майстра тайм-мэнэджменту, ён здолеў зрабіць столькі, што хапіла б на некалькі жыццяў. Ягоную інтэлектуальную спадчыну расчытвалі і парадкавалі вядомыя даследчыкі эміграцыі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. Яны сталі ўкладальнікамі доўгачаканага тому «Выбранае» айца Льва Гарошкі. Кніга выходзіць у «Бібліятэцы Бацькаўшчыны« (серыя «Cпадчына») пры спрыянні інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.

Выданне добра каментаванае (блізу 1500 каментароў) і мае паказнік асобаў. Распавядаем, чаму айца Льва Гарошку можна назваць сапраўдным тытанам беларускай эміграцыі, і якія менавіта тэксты трапілі ў кнігу «Выбранае».

Тытан беларускай эміграцыі

Айцец Леў Гарошка для гісторыі беларускай эміграцыі фігура знакавая. Яго дзейнасць у замежжы мела грандыёзны маштаб. Ацэньваючы цяпер яе плён нават у асобных галінах, часам бывае цяжка паверыць, быццам на ўсё гэта хапіла аднаго чалавечага жыцця – да таго ж не самага працяглага і адзначанага не абы-якімі нягодамі ды выпрабаваннямі.

Леў Гарошка. 1930-я гг.

Феномен да пэўнай ступені тлумачыцца ва ўспамінах яго паплечнікаў. Кожны, з кім Льва Гарошку зводзіў лёс, нязменна адзначаў анамальную працаздольнасць святара, высокую хуткасць засваення ім новых ведаў і рэалізацыі задумаў, а таксама віртуознае валоданне тым, што сёння завецца «мастацтвам тайм-мэнэджмэнту.

Нават перасоўваўся ў прасторы айцец Леў Гарошка, як сведчылі яго сучаснікі, толькі шпаркім крокам, «усе рухі меў энергічныя», а калі дзе і спыняўся прысесці, то адно каб штосьці занатаваць у блакнот.

Пасьведчаньне Льва Гарошкі з Бэрліну. 1944 г.

Калі ўявіць даробак айца Льва Гарошкі ў выглядзе ландшафту, то вяршынямі, заўважнымі найперш і вартымі асобных манаграфій, будуць

  • падшыўкі выдаванага ім у Францыі грамадска-рэлігійнага часопіса «Божым шляхам«, які праіснаваў 17 гадоў (з улікам перапынку),
  • 7 гадоў кіравання Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё,
  • 10 гадоў удзелу ў рэлігійным і грамадскім жыцці Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ).

Стаяў ля вытокаў «Скарынаўкі»

Адно з дасягненняў брытанскага перыяду святара – паўстанне знакамітай Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны.

Апантанасць Льва Гарошкі кнігамі дазволіла яму «справай« падмацаваць ідэю біскупа Чэслава Сіповіча аб стварэнні бібліятэкі – перавезці з Францыі свой кнігазбор аб’ёмам у 6500 найменняў беларускай тэматыкі.

Звярнуў увагу Ватыкана на беларусаў як асобную нацыю

Адраджэнне Уніяцкай царквы айцей Леў Гарошка ўважаў за асноўную справу свайго жыцця, а Царкву разглядаў як сродак здабыцця нацыянальнай, культурнай і духоўнай незалежнасці Беларусі.

Усе перасоўванні і атабарванні Льва Гарошкі па краінах Еўропы, пачынаючы з Нямеччыны, куды ён эміграваў у 1944-м, былі ў першую чаргу звязаныя з душпастырскімі справамі. Ім ён аддаваўся з аднолькавай нястомнасцю што ў Нямеччыне, Італіі і Ватыкане, што ў Францыі і Вялікабрытаніі (у апошніх дзвюх – у якасці рэктара Беларускай каталіцкай місіі).

Чэслаў Сіповіч і Леў Гарошка каля манастыра лазарыстаў. Парыж, кан. 1940-х гг.

Існуе меркаванне, што Леў Гарошка скарыстаўся ў патрэбны час і ў патрэбным месцы сваім яскравым пастарскім талентам пераконвання, каб паўплываць на Кангрэгацыю па справах усходніх цэркваў.

У выніку энцыкліку Пія XII з нагоды 350-х угодкаў Берасцейскай Уніі выдалі і па-беларуску таксама. Гэта зрабілася важным адпраўным пунктам ва ўспрыняцці Ватыканам беларусаў як асобнай нацыі.

Дык пра што кніга?

Некалькі тэкстаў айца Льва Гарошкі, прысвечаных эміграцыі, ёсць і ў прапанаваным да вашай увагі зборніку, але складаюць яны самую малую частку зборніка – гэта літаральна некалькі артыкулаў, якія раней друкаваліся ў часопісе «Божым шляхам«.

Першы выпуск часопіса “Божым Шляхам”. Парыж, 1947 г.

Гісторыя хрысціянства ў Беларусі агулам і ўніяцтва ў прыватнасці, а таксама рознага кшталту рэлігійная літаратура складаюць асноўную частку велічэзнай бібліяграфіі айца Льва Гарошкі. Таму лагічна, што прыкладна палову зборніка «Выбранае« займаюць:

  • Кніга «Святая Еўфрасіня-Прадслава, ігуменя манастыра Св. Спаса ў Полацку, патронка Беларусі«, якая ў свой час выходзіла асобным выданне;
  • Цыклы «Пад знакам «рускае й польскае» веры« і «Беларускія святары і рэлігійныя дзеячы Беларусі« ўпершыню аб’яднаныя пад адной вокладкай;
  • Тэксты, прысвечаныя дахрысціянскай веры беларусаў, некаторым святым і нават форме беларускага крыжа.

Самы цікавы раздзел – пра жыццё ў Беларусі

Айцу Льву Гарошку не ставала часу, каб давесці да ладу ўласныя мемуары з да эміграцыйнага жыцця, якія хаця і публікаваліся з сярэдзіны 60-х, але нерэгулярна, малымі кавалкамі, часам з дваццацігадовымі перапынкамі.

Гісторык Аляксандр Пашкевіч далучыўся да ўкладальнікаў «Выбранага», храналагічна ўпарадкаваў і ўніфікаваў апублікаваныя даследчыкам Лявонам Юрэвічам фрагменты і расчытаныя айцом Аляксандрам Надсанам, Вольгай Калацкай і айцом Аляксандрам Аўдзеюком разрозненыя рукапісы.

А. Леў Гарошка ў працоўным кабінэце. Парыж, 1950-я гг.

«Праз навальніцы й нягоды: успаміны з гадоў 1930–1944 – найцікавейшы раздзел «Выбранага», які апавядае не толькі пра малавядомыя падзеі з жыцця аўтара, але і дае дэтальнае ўяўленне пра міжваеннае і ваеннае жыццё Навагрудчыны і Заходняй Беларусі: грамадска-палітычнае і побытавае, гарадское і вясковае. Ён будзе цікавы як прафесійным гісторыкам, гэтак і ўсім аматарам мемуарыстыкі і беларускага слова.

Айцец Леў Гарошка меў не абы-які літаратурны талент, якім шчыра скарыстаўся, каб апавесці пра польскі шавінізм у дачыненні да беларусаў і ўніятаў, пра рускі камунізм у дачыненні да вернікаў і пра нямецкі нацызм у дачыненні да ўсіх астатніх. Пра ўсе тыя варункі, у якіх праходзіла ягонае жыццё на Радзіме – карагод рэжымаў, пад пільнай, а часам і смяротна небяспечнай увагай якіх яму даводзілася працаваць.

А. Леў Гарошка на канфэрэнцыі Інстытуту вывучэньня СССР у Мюнхэне, 1956 г.

Шмат увагі ва ўспамінах надаецца асаблівасцям працы культурных і адукацыйных установаў – Леў Гарошка ў 1928–1931 гадах навучаўся ў Наваградскай беларускай гімназіі, у 1937–1939 гадах служыў у Пінскай дыяцэзіі, а падчас нямецкай акупацыі браў удзел у арганізацыі асветніцкага і грамадскага жыцця ў Баранавічах.

Натуральна, што гэтаксама нямала ўвагі ва ўспамінах Леў Гарошка адводзіць і апісанню тагачаснага рэлігійнага жыцця. Некаторыя раздзелы апавядаюць пра атрыманне ім рэлігійнай адукацыі ў Львове і Вене.

А. Леў Гарошка зь беларусамі на Марыйным кангрэсе ў Люрдзе (Францыя). 1958 г.

І ўсё ж такі істотная частка даробку Льва Гарошкі вядомая хіба толькі ягоным паплечнікам і адмыслоўцам-даследчыкам, якім давялося працаваць з рукапіснай спадчынай архімандрыта.

Інтэлектуальная актыўнасць святара, памножаная на працаздольнасць і кола яго зацікаўленняў, якое ўвесь час пашырылася, увасобіліся ў аб’ёмны архіў прац на розных стадыях завершанасці ў самых розных галінах. Ад гісторыі літаратуры і мовазнаўства да этнаграфіі і нават прыродазнаўства.

Гэтак, вядома пра незавершаны слоўнік беларускіх прыказак (блізу 20 тысяч), матэрыялы да грэцка-лацінска-славянска-беларускага слоўніка, падрабязныя бібліяграфіі кніг па беларусістыцы і беларускай перыёдыцы, шматлікія даведнікі, у тым ліку спісы прыходаў і святароў… Усё гэта яшчэ чакае на вывучэнне і публікацыю.

budzma.org