У Барысаве па новай крымінальнай справе судзяць палітвязня Змітра Дашкевіча.
Ён павінен быў выйсці на волю яшчэ 11-га ліпеня. Аднак зараз яго абвінавачваюць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі. Сітуацыю каментуе прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Гарбунова:
– Думаю, што ўсе прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі адсочваюць такія тэндэнцыі, адсочваюць такія кейсы. На жаль Дашкевіч не адзіны палітвязень, які падвяргаецца паўторнаму крымінальнаму пераследу. Мы ведаем, што так жа ў трэці раз судзяць Паліну Шарэнду-Панасюк. Мы разумеем, што самыя прынцыповыя, самыя нязломныя палітвязні хутчэй за ўсё будуць падвяргацца пераследу. І я згодная з тым, што на жаль на сённяшні дзень у нас няма рычагоў уплыву на гэтую сітуацыю.
Вядома, што днямі Вольга Гарбунова выступіла на мерапрыемстве па праблемах беларускіх палітзняволеных у рамках канферэнцыі АБСЕ. Гарбунова адзначыла заклапочанасць, што мерапрыемства не сабрала вялікай колькасці прадстаўнікоў СМІ, беларускіх і замежных палітычных структур, а праблемамі палітзняволеных працягваюць займацца лічаныя актывісты і праваабаронцы.