Вольга Смалянка: Інтэнсіўнасць ліквідацыі грамадскіх арганізацый у Беларусі не памяншаецца

Рэпрэсіўны махавік у Беларусі працягвае працаваць: затрыманні, ператрусы, праверкі на межах, іншыя віды пераследу сталі ў краіне часткай жыцця. Колькасць грамадскіх арганізацый, якія прымусова ліквідуюцца ў Беларусі, працягвае павялічвацца. У краіне засталіся толькі 4 партыі.

Такая тэндэнцыя трапіла ў агляд «Сітуацыя са свабодай асацыяцый і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь за верасень 2023 г.», які падрыхтаваў Цэнтр прававой трансфармацыі LawTrend.

Радыё Рацыя пагутарыла з дырэктарам Цэнтра прававой трансфармацыі (LawTrend) Вольгай Смалянка пра тое, ці могуць зараз у Беларусі зарэгістраваць новыя грамадскія арганізацыі; ці ўсе 1500 арганізацый, ліквідаваныя ў Беларусі, зрабілі гэта прымусова; як вырашае грамадскі сектар Беларусі ў выгнанні пытанні рэгістрацыі за мяжой і якія захады для іх па рэабілітацыі можа быць даступны ў Новай Беларусі:

РР: Якія асноўныя пагрозы для грамадскага сектара?

— Перадусім, гэта ліквідацыя некамерцыйных арганізацыяў — яна пачалася з 2022 году і інтэнсіўнасць не змяншаецца дагэтуль. На сёння мы маем амаль 1500 арганізацыяў, што ў стане ліквідацыі або ўжо ліквідаваныя. Расце колькасць арганізацыяў, што прымусова ліквідаваныя, ужо больш за 900.

Другая тэндэнцыя, што нядаўна прайшла перарэгістрацыя палітычных партыяў, усе апазіцыйныя партыя не прайшлі перарэгістрацыю і былі ліквідаваныя судом. Адна партыя змеркавала самаліквідавацца. У Беларусі засталося ўсяго чатыры зарэгістраваныя партыі, і ўсе яны праўладныя.

У Беларусі прыгнятаюць лідараў, актывістаў, сябраў арганізацыяў грамадзянскай супольнасці – мы ўжо маем дзясяткі заступнікаў, якіх зняволілі: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Наста Лойка і іншыя. Дзяржава нівелюе свабоду асацыяцыі і дзяржава бярэ кантроль над арганізацыяў грамадзянскай супольнасці. Вялікі разрыў між дзяржаўнымі і незалежнымі арганізацыямі.

РР: Фонд Лукашэнкі спрабуе замяніць усе фонды, што да гэтага існавалі?

— Гэта была такая заява, маўляў, створым адзіны фонд, што заменіць усе арганізацыі. Мы выявілі, што ў 2021 годзе быў створаны „Фонд Прэзідэнта“, летась у Беларусі прынялі закон аб асновах грамадзянскай супольнасці. І ў гэтым законе напісана, што ёсць арганізацыі, што маюць асаблівую форму ўзаемадзеяння: арганізацыі проста некамерцыйныя; арганізацыі, што могуць супрацаваць з дзяржавай; арганізацыі, што маюць асаблівы статус узаемадзеяння з дзяржаваю.

Такіх усяго некалькі: БРСМ, Белая Русь, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Акурат гэтым арганізацыям аддаюць увагу дзяржавы. Калі прачытаць газету адміністрацыі прэзідэнта, то там адны арганізацыі дыскрэдытуюць, а праўладныя арганізацыі прамуюць. Ствараюць не адзіны фонд, а ўмовы для гэтых канкрэтных арганізацыяў, значна лепшых.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

З „Госцяй Рацыі“ – дырэктарам Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольгай Смалянка , камунікавала Вольга Сямашка.

Агляд «Сітуацыя са свабодай асацыяцый і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь за верасень 2023 г.» даступны тут.

racyja.com