Прысуд Мажэйку і Юргілевіч пакінуты без зменаў

Здымак ілюстрацыйны

Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйныя скаргі журналіста і культурніцкага менеджара Паўла Мажэйкі і адваката Юліі Юргілевіч, паведамляе @nebovkletku.

Паседжанне прайшло ў закрытым рэжыме. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча пакінула прысуд у сіле, а скаргі – без задавальнення. Палітвязняў у хуткім часе перавядуць у калоніі. У ліпені іх прысудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці групай асоб па папярэдняй змове.

Паводле матэрыялаў, Юлія ў тэлефоннай размове сказала Паўлу пра сваё выключэнне з адвакатуры і прысуд Алесі Пушкіну. Абвінавачанне лічыць, што Мажэйка перадаў гэтую інфармацыю неўстаноўленым асобам для размяшчэння на «Белсаце», які прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем.

Мажэйка і Юргілевіч не прызналі віну. Юлія заявіла, што яе трымаюць у «быдлячых умовах» і не далі азнаёміцца са справай. Да суда Мажэйка і Юргілевіч адмовіліся даваць паказанні. На судзе Мажэйка адказвае на пытанні выбарачна. Бацька журналіста Іван Мажэйка адмовіўся даваць паказанні супраць сына.

Павел Мажэйка — заснавальнік культурнай прасторы „Цэнтр гарадскога жыцця”. У ім у 2021 годзе праходзіла выстава прац Алеся Пушкіна, праз якую мастака затрымалі і пасадзілі на 5 гадоў. У ліпені Алесь Пушкін памёр у калоніі.

racyja.com