Руся: “Мой беларускі пашпарт хутка скончыцца”

Спявачка Руся пра беларускую мову, сола-мацярынства, КДБ-анёлаў і фемінізм.

Руся на Mirum Music Festival 2015. Фото: SHUMA @ MIRUM MUSIC FEST 2015

У эксклюзіўнай размове з DW у Мюнхене спявачка, вакалістка гурта Shuma, “голас” менскага вакзалу і вакальная іміджмэйкерка Руся распавяла, хто такія “КДБ-анёлы”, чаму беларусы – дзэн-будысты і ці хутка ў яе скончыцца беларускі пашпарт.

“Ён называўся Сашам і час ад часу тэлефанаваў”

DW: Дзе ты цяпер знаходзішся?

Руся: Я з’ехала з Беларусі ў 2020 годзе, калі ўжо пачалася моцная заварушка. У Беларусі ёсць так званыя “КДБ-анёлы”, гэта фанаты нейкіх артыстаў, якія прытрымліваюць інфармацыю наверх. Адзін з такіх “КДБ-анёлаў” пазваніў мне і кажа: “Руся, калі ты хочаш з’язджаць, то вось, 24 гадзіны, я табе перадаю”. Нават не ведаеш, хто звоніць, але ён заўсёды называўся Сашам і час ад часу тэлефанаваў: “На гэты фестываль лепей не ехаць, тут патрымайце тры дні, пакуль не перасякайце мяжу”. І вось гэты КДБ-анёл пазваніў і сказаў, што трэба ехаць.

У мяне з краінаў была Украіна, Грузія, цяпер я жыву ў Польшчы, і Польшча прапанавала мне статус палітычнага ўцекача – мне і майму дзіцёнку.

– Ты застаешся ў Польшчы? Краіну мяняць больш не будзеш?

– Два гады я маю там сіні жэнеўскі пашпарт і від на жыхарства. І два гады я буду дакладна ў Польшчы. Мая дачка там пайшла ў садок, плануе пайсці ў школу. Мой беларускі пашпарт і пашпарт дачкі хутка скончацца, я не ведаю, як мы будзем жыць далей. Пакуль што на два гады гэтае пытанне закрытае.

– У цябе бываюць часы, калі ты не адчуваеш энергіі?

– Бываюць, канешне. Бываюць такія раніцы, калі я прачынаюся і думаю: “Божухна, што рабіць, можа, ужо дзіцёнка каму падарыць ды рукі на сябе накласці?” (смяецца – Рэд.) Жыццё сола-маці складанае. У мяне ёсць бізнес, праца, культурныя праекты, прыватнае жыццё, дачка, пытанне легалізацыі… Бывае, што і прыцісне. Але я здольная вельмі хутка збірацца, у мяне ў псіхіцы ёсць такі навык: я вельмі хутка магу зрабіць – кажучы мовай НЛП – пазітыўны рэфрэймінг. З цытрыны зрабіць ліманадзік, як кажуць. Што б ні было, я заўсёды маю здольнасць бачыць светлы бок нават самай драматычнай сітуацыі. Гэта мая моц.

“Беларусы вытрымліваць дарослы кантакт”

– Што для цябе беларуская мова?

– Гэта таксама частка маёй ідэнтычнасці, частка асобы. Я люблю казаць пра тое, што, когда я говорю по-русски, я звучу для себя так остренько, я такая дистанционная, холодная для себя. Калі я гавару па-беларуску, у мяне нават вусны і язык рухаюцца па-іншаму, і для мяне гэта вельмі салодкая мова, я з вялікай асалодай гавару па-беларуску. Гэта частка мяне, майго гучання, маёй ідэнтычнасці, самапрэзентацыі.

І таксама я вельмі люблю і шаную беларускую мову не толькі з-за таго, што гэта мова продкаў, мая сувязь з беларускасцю, але для мяне яна такая вельмі прыемная, выкшталцоная фішка. Я люблю ў сабе гэтую здольнасць пераключацца паміж рознымі мовамі.

– З дачкой ты таксама размаўляеш на беларускай мове?

– З дачкой мы размаўляем на розных мовах, бо першыя чатыры гады мне дапамагала гадаваць яе маці. Мая маці – савецкая жанчына, расейскамоўная. У нас увогуле няма беларускай крыві ў сям’і. Таму дачка большую частку часу гаворыць па-расейску, але яна спявае традыцыйныя спевы, калыханкі. Мы робім з ёй дні або хвілінкі-гадзіны беларускай мовы. У яе цяпер беларускамоўная няня, таксама журналістка, нашая палітычная эмігрантка. І частка майго асяроддзя з ёй гаворыць. Так што яна білінгва, і вось цяпер ужо пакрысе размаўляе на польскай мове.

– Мовы накладваюць на народ нейкі асабісты характар?

– Я лічу, што гэта ўзаемны працэс: і мова накладае на чалавека, і чалавек накладае на мову. Калі разглядаць беларускую мову з пункту гледжання вакальнай тэрапіі, то можна сказаць, што мы запаволеныя, назіраючыя – як будысты. […] Нашая прырода вельмі мілагучная, чуллівая, спакойная. Таму я лічу, што мы, беларусы, – дзэн-будысты, якія заўсёды крыху ў знешнім свеце, крыху ў сабе.

І калі гаварыць праз прызму вакальнай тэрапіі пра традыцыйныя спевы, таксама на канцэртах я гэта падкрэсліваю, наша фішка – гэта шматгалоссе і ўзаемнае пранікненне мелодый. Гэта кажа пра тое, што мы здольныя будаваць і вытрымліваць дарослы кантакт. Мы не такія інфантыльныя і мяккія і “терпилы”, як некаторыя пра нас кажуць. Гэта не млявасць, а дарослы спакой, дарослая цвярозасць. 

“Успрымаю жанчын як вялікае сястрынскае кола”

– Ва ўсіх інтэрв’ю ты заяўляеш, што ты феміністка. Што для цябе фемінізм?

– Адмаўленне ад наратыву гаспадара: што нехта вышэйшы за кагосьці, нехта кіруе кімсьці. Роўныя адносіны.

– Фемінізм – гэта яшчэ пра жаночую салідарнасць. Што для цябе жаночая салідарнасць?

– Гэта адмова ад двух рэчаў: канкурэнцыі і мізагіннасці, то бок нянавісці адна да адной, бо наша савецкая культура, на жаль, вучыць так: жаночае сяброўства – не, не бывае, заўсёды будзь асцярожная, сяброўка ўвядзе твайго мужыка. Мы ўсе знаёмыя з гэтымі пасланнямі. Але я за тое, каб жанчыны не канкуравалі, і ўвогуле я ўспрымаю жанчын як вялікае сястрынскае кола.

І ў сваім жыцці я не магу сказаць, што з некім адчуваю канкурэнцыю ці нейкую зайздрасць, нянавісць. Не, у мяне з жанчынамі вельмі добрыя стасункі. Я магу сябраваць з жанчынамі, я гэта ўмею, люблю, і калі ёсць магчымасць іншым жанчынам перадаць гэты навык, навучыць, расказаць, пагаварыць пра гэта, то я гэта з асалодай раблю.

Ірына Ігнацюк, dw.com