Спадчына беларускага першадрукара Францыска Скарыны папоўнілася яшчэ адным каштоўным артэфактам. Даследчыца Вольга Шутава выявіла ў Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў нямецкім Веймары невядомы дагэтуль асобнік «Псалтыра», выдадзенага Скарынам у Вільні ў 1522 годзе. Кніга хавалася ў фондах пад памылковым апісаннем і перажыла нават разбуральны пажар пачатку 2000-х.

Знаходка адбылася ў лістападзе 2025 года падчас працы з базай даных еўрапейскіх даследчых бібліятэк CERL, пра гэта Вольга Шутава піша ў нядаўнім артыкуле на старонках выдання «Slavistica Vilnensis».
Даследчыца звярнула ўвагу на дзіўны запіс у каталогу веймарскай бібліятэкі. У ім значылася кніга пад назвай: «Poc̆inaet’sja Psalŭtyŕ ili Pesni stgo proroka boz̆ija Davyda Care Erusalimŭska. [Dokonana est psaltyŕ sie … poveleniem … Franciska Skoriny iz Poloćka».
Каталог пазначаў яе як «Rarissimum» (найвялікшая рэдкасць) і адносіў да пражскага выдання Скарыны 1517 года.
Аднак Вольга Шутава заўважыла несупадзенне: прыведзеная ў каталогу назва дакладна адпавядала не пражскаму выданню, а віленскаму «Псалтыру» 1522 года, які з’яўляецца часткай знакамітай «Малой падарожнай кніжкі».

Каб спраўдзіць сваю гіпотэзу, даследчыца накіравалася ў Веймар. Яе здагадка цалкам пацвердзілася: перад ёй ляжаў арыгінальны, невядомы дагэтуль навуцы асобнік віленскага выдання Скарыны 1522 года.
Памылка ж нямецкіх бібліятэкараў, хутчэй за ўсё, узнікла праз стары надпіс алоўкам на адваротным баку пераплёту, дзе нехта пакінуў пазнаку: «Psalmi [kirshenslav.] [Prag 1517]: Francisk Skorina». Акрамя таго, у каталогу імя друкара было памылкова запісана як «Георгій» (Georgi), за якое вельмі чапляліся ў часы Расійскай імперыі і савецкі час, абгрунтоўваючы «рускасць» першадрукара. Памылковасць імя Георгій было даўно даведзеная скарыназнаўцамі, але архівісты ў Германіі маглі і не ведаць пра гэта.

Пяты асобнік у свеце
Гэта сапраўдная падзея для беларускай і еўрапейскай кніжнай культуры. Сёння ў краінах Заходняй Еўропы вядомы толькі чатыры падобныя асобнікі «Псалтыра» 1522 года: яны захоўваюцца ў Кембрыджы, Лондане, Капенгагене і Любляне. Веймарскі асобнік стаў пятым.
Ёсць, праўда і больш рэдкія выданні Скарыны, напрыклад, пражскі «Псалтыр» 1517 года — у свеце вядомы толькі два яго асобнікі, і абодва знаходзяцца ў Маскве.
Выпрабаванні агнём і вадой
Веймарскі «Псалтыр» надрукаваны ў фармаце «ў васьмёрку» (актава). Кніга мае 140 аркушаў.
Нягледзячы на свой паважны ўзрост, экзэмпляр захаваўся ў добрым стане, хоць на яго долю выпалі сур’ёзныя выпрабаванні. У 2004 годзе ў Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі адбыўся моцны пажар.

Кніга Скарыны ўратавалася ад агню, але пацярпела ад вады падчас тушэння. Сляды ад вільгаці асабліва прыкметныя на апошніх старонках. У 2009 годзе выданне прайшло грунтоўную рэстаўрацыю.

Асобнай увагі варты скураны пераплёт кнігі, які эксперты папярэдне датуюць XVI стагоддзем. Ён аздоблены цісненнем і пазалотай. На пярэдняй частцы вокладкі ў рамцы з расліннага арнаменту змешчана выява цара Давіда з гуслямі (ці псалтырам). На задняй частцы — гербавая выява. Спражкі на кнізе не захаваліся — верагодна, іх зрэзалі падчас мінулых рэстаўрацый.


Загадкі мінулых уладальнікаў
Хто трымаў гэтую кнігу ў руках да таго, як яна трапіла ў Германію? На пераплёце захавалася некалькі інтрыгуючых надпісаў.
Справа ўверсе нехта напісаў алоўкам «Psalter Slavon» (Славянскі псалтыр), а злева тым жа почыркам напісана і перакрэслена слова «Polotzk» (Полацк) — родны горад Скарыны.
Ёсць і больш старажытны запіс чарнілам, датаваны лютым 1678 года. Ён сведчыць, што ў той час кніга належала чалавеку на імя Давід Каспар Слуйс (Davidis Caspari Sluiÿs).
У саміх фондах веймарскай бібліятэкі кніга знаходзіцца ўжо не адно стагоддзе. Першы запіс пра яе з’яўляецца ў бібліятэчным каталогу прыкладна ў 1754 годзе.
Што ўнутры
Змест і афармленне веймарскага асобніка цалкам адпавядаюць класічнаму апісанню скарынаўскіх выданняў. Ён адкрываецца тытульным аркушам з характэрнай рэнесанснай арнаментальнай застаўкай.
Тэкст надрукаваны з выкарыстаннем чырвонага колеру. Знізу на старонцы можна пабачыць друкарскія знакі Скарыны: злева — сімвал сонца і месяца, справа — трохкутнік з галгофскім крыжам.

Усяго ў кнізе 75 прыгожых гравюр-заставак і 164 ініцыялы (вялікія літары) трох розных памераў. Заканчваецца кніга калафонам (пасляслоўем), ідэнтычным таму, што маецца ў капенгагенскім асобніку.
Што далей
Адкрыццё пятага заходнееўрапейскага асобніка «Псалтыра» 1522 года — гэта толькі пачатак працы. Як адзначае Вольга Шутава, наперадзе яшчэ шмат даследаванняў. Трэба высветліць, якімі шляхамі старабеларускае выданне трапіла ў Цюрынгію, хто былі яго ўладальнікамі да 1678 года і чаму на ім напісалі слова «Полацк».
Даследчыца ўжо працуе супольна з кіраўніцтвам Бібліятэкі герцагіні Ганны Амаліі, каб раскрыць усе таямніцы гэтага ўнікальнага помніка беларускай кніжнай спадчыны.
