Хто трапіць у КР? «Разам» Бабарыкі і БХД не вызначыліся

4 сакавіка ў Еўрапейскім парламенце ў Бруселі прайшоў форум палітычных партый «8+100», які сабраў поўную залу ўдзельнікаў і стаў пляцоўкай для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку магчымасці ўдзелу беларускіх партый у Каардынацыйную Раду (КР). Вядома, што з 10 па 31 сакавіка пройдзе падача дакументаў і рэгістрацыя выбарчых суб’ектаў КР.

Лідар «Руху за Свабоду» Юрый Губарэвіч пацвердзіў намер балатавацца:

– Так, «Рух за свабоду» з’яўляецца сябрам-назіральнікам Еўрапейскай народнай партыі, таму магчымасці камунікацыі былі раней і ёсць. Важны момант – гэта наданне суб’ектнасці дэмакратычным сілам. І тут ключавыя падзеі, якія нас чакаюць – гэта выбары ў Каардынацыйную Раду. «Рух за свабоду» плануе прымаць у іх вельмі актыўны ўдзел.

Дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Офісу Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька адзначыў, што пакуль рашэнне ад партыі «Разам» Віктара Бабарыкі аб удзеле ў КР не прынята:

– Іншыя партыі пакуль альбо яшчэ ў роздуме, хаця тут часу зусім не засталося, альбо пакуль устрымліваюцца ад удзелу. І вось Віктар Бабарыка сказаў, што ў іх пакуль няма канчатковага рашэння наконт удзел у выбарах у Каардынацыйную Раду. Таму я думаю, што тут не будзе адзінства, не будзе кансенсусу.

Беларускі палітык і грамадскі дзеяч, сустаршыня «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі патлумачыў, чаму яго партыя пакуль не прыняла рашэнне балатавацца. Па яго словах, “у КР пры існуючай сістэме галасавання могуць патрапіць прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку сябры БРСМ, што стварае рызыкі для дэмакратычных сіл”.

racyja.com