За пяць месяцаў, з 10 траўня гэтага года, у дачыненні да Мікалая Статкевіча 9 разоў ужываліся розныя спагнанні, расказалі яго жонцы Марыне Адамовіч у адміністрацыі калоніі.
Гэта значыць, што ўсяго за 5 месяцаў Статкевіча 5 разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар (апошні раз — 2 тыдні таму), пазбывалі права на працяглае і на кароткае спатканні, пазбывалі магчымасці атрымаць пасылку.
“1238 дзён за кратамі. 254 дні без вестачкі…” — піша Марына Адамовіч. Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў няволі ўжо 3 гады і 4 месяцы — яго затрымалі за тры месяцы да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Суд хоча, каб палітык правёў у калоніі 14 гадоў.