Тыя, хто цікавяцца ды шукаюць інфармацыю. Так пра сваіх гледачоў кажа беларускі журналіст і блогер Васіль Ядчанка. racyja.com пагутарыла пра яго дзейнасць у інтэрнэце: кароткія ролікі, сур’ёзныя і жартаўлівыя пра беларускую мову. Гэта міф, што беларусам не цікавая родная мова, заўважае Васіль Ядчанка.
РР: Здаецца мне, Васіль, што ты пайшоў такой вельмі цяжкай і складанай дарогай – папулярызаваць беларускую мову ў інтэрнэце, а нібыта яна ж нікому сёння непатрэбная.
Васіль Ядчанка: Я з табой нязгодны, я лічу, што наша беларуская мова патрэбна ўсім. І нават тыя, хто яшчэ пра гэта не ведаюць, а як толькі яны нешта бачаць пра гэта, чуюць, яны разумеюць, што гэта ім вельмі патрэбна.
РР: Ты робіш ролікі ў сацыяльных сетках, прысвечаныя беларускай мове, але і не толькі, ёсць і гумарыстычныя ролікі ды і сур’ёзныя. Распавядзі, калі ласка, пра гэтую сваю дзейнасць. Як нарадзілася такая ідэя і канцэпцыя?
Васіль Ядчанка: Усё пачалося яшчэ ў 2019 годзе. Я вёў расейскамоўнае YouTube-кулінарнае шоу, вось тады рабіў нейкія такія жарты, калі, напрыклад, гатуем страву з бульбы. І я кажу: а ведаеце, як па-беларуску будзе “картошка вариться“? І адказваю сам сабе „каляхуе”. І гэты ж першы ролік набраў больш за 200 тысяч праглядаў, таму што такая пікантная тэма, скажам. Але потым я стаў рабіць усё больш і больш вось такіх кароценькіх ролікаў, якія вельмі хутка дазваляюць даведацца і самае галоўнае, каб гэта засталося з табой на ўсё жыццё, якое-небудзь беларускае слова ці беларускае паняцце. Так усё пачалося.
Быў перапынак, таму што я быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, спачатку ў Кіеў. Пасля таго, як там пачалася вайна, я з’ехаў у Батумі. Зараз я жыву ў Вільні, і тут ужо працую і раблю гэтыя ролікі кожны тыдзень.
РР: Калі вось пачалася гэта ідэя, я нездарма запытаўся, ці ёсць нейкія такія рэакцыі, бо сапраўды, калі вось нешта такое робіш, патрэбная вось гэтая сувязь. На розных пляцоўках да 4 мільёнаў унікальных карыстальнікаў маеш, якія паглядзелі твае ролікі. Рэакцыі, якія цябе натхняюць?
Васіль Ядчанка: Вельмі прыемна, калі я бачу водгук, я бачу станоўчыя каментары, іх вельмі шмат. Гэта дзясяткі і сотні тысяч каментароў на мае ролікі, гэта лайкі, гэта шэры так званыя, калі людзі дзеляцца маімі ролікамі. Гэта таксама бачна па статыстыцы. Тады я разумею, што чалавек паглядзеў і не толькі для сябе атаясаміў, але ён хоча падзяліцца і са сваімі сябрамі, са сваім асяроддзем. Гэта для мяне вельмі важна і нават кранальна, калі ідуць каментары.
РР: Як ты адчуваеш, якая гэта аўдыторыя, хто гэтыя людзі? Мы ж разумеем, што адны людзі глядзяць, а іншыя людзі могуць пісаць нейкія свае каментары. Вось як ты адчуваеш гэтую аўдыторыю і якой ты яе бачыш?
Васіль Ядчанка: Гэта не вельмі простае пытанне, нават складанае, таму што перш за ўсё мая аўдыторыя – гэта я сам. Вось тое, што мне цікава, пра што я хачу даведацца, тое я і здымаю, тое я і шукаю, вывучаю для сябе перш за ўсё. Потым я гляджу на рэакцыю людзей і бачу, што гэта ўсе людзі. Нават я адкрыў статыстыку, мне так прасцей. Вось Цік-Ток, я бачу, што там у мяне плюс-мінус, але гэта заўсёды больш за 70% аўдыторыі з Беларусі. Гэта 2 мільёны 300 тысяч чалавек за месяц, то бок я адзін ахопліваю палову карыстальнікаў Цік-Току. Калі браць усе пляцоўкі, то палову ўсіх карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі. Я бачу, што па ўзросту – гэта ўсе. Вось прыклад, з 18 да 24 гадоў – 34%, 25-34 – 28%, 35-44 – 21%, 45+ – 11%, і гэта больш жанчын. Канешне, гэта тыя, хто цікавіцца, хто разумее, што мова патрэбная, бо ён беларус.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Мова – гэта наш культурны код і наша памяць. Вынікае з размовы з Васілём Ядчанкам. А ён, напрыклад, у гэтым пераканаўся, калі ў сваім Instagram-акаўнце выклаў песеньку Дзеда-Барадзеда з «Калыханкі» і атрымаў амаль 500 каментароў. Хто ж не памятае таго беларускамоўнага дзеда з дзяцінства.
Улад Грынеўскі, racyja.com