Журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут знаходзіцца ў горшых умовах у параўнанні з непалітычнымі вязнямі ў Наваполацкай калоніі. Яму не перадаюць патрэбныя лекі, абмяжоўваюць карэспандэнцыю, аднак ён па-ранейшаму праяўляе мужнасць і непахіснасць у сваіх прынцыпах, заявіў падчас акцыі салідарнасці з Анджэем Пачобутам і іншымі беларускімі палітвязнямі ў Беластоку гродзенскі журналіст Ян Роман.
Чарговая акцыя ў Беластоку, якая адбылася ўвечары 25 кастрычніка каля помніка Ежы Папялушку, праходзіла пад доўгім і праліўным восеньскім дажджом. Аднак надвор’е не спыніла людзей, якія прыйшлі праявіць салідарнасць з палітычнымі вязнямі, што церпяць у беларускіх турмах і калоніях, а таксама з польскай меншасцю, існаванне якой у Беларусі імкнецца атруціць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Ніякага паляпшэння сітуацыі ў Анджэя Пачобута на дадзены момант няма, распавёў нашаму радыё сябр зняволенага журналіста Ян Роман.
— Мала вельмі інфармацыі даходзіць пра тое, у якім стане знаходзіцца Анджэй Пачобут. Вядома, што не заўсёды можа сустрэцца з адвакатам. Былі выпадкі, калі адвакат прыязджаў, а яго папросту не пускалі на сустрэчу. Таксама вядома, што не атрымлівае неабходныя лекі, якія яму патрэбныя вельмі, бо ён мае праблемы з сэрцам, з ціскам. Ну і па-ранейшаму знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу. Там ён будзе знаходзіцца да лютага. Згодна з рашэннем турэмных улад ён накіраваны туды на паўгады і такім чынам ізаляваны ад астатніх людзей, якія знаходзяцца ў гэтай калоніі. І не ён адзін, вядома. Такі самы лёс напаткаў і Віктара Бабарыку, і Ігара Лосіка. Напэўна іншыя палітвязні вядомыя таксама знаходзяцца ў падобных умовах. Гэта стасуецца да палітвязняў – такі метад пакарання. І невядома, што будзе далей пасля таго, як ён адбудзе паўгады, ці яго не накіруюць ужо ў крытую турму. Практыка сведчыць, што палітвязням пасля такога адбыцця паўгадавога могуць пагоршыць умовы і накіраваць у крытую турму.
— Як у яго настрой? Ці трымаецца ён унутрана? Ці можа нейкае эмацыйнае хваляванне адчувае? Ці вядома што ў гэтым плане ад родных?
— Родныя асабліва не выказваюцца асабліва аб сітуацыі, у якой знаходзіцца Анджэй. Напэўна, ліставанне адбываецца з самымі блізкімі, бо я ведаю, што многія, хто спрабуе з ім камунікаваць праз ліставанне, лісты не атрымліваюць. З таго, што вядома, толькі блізкая радня мае стасункі праз ліставанне. Я думаю, што Анджэй трымаецца, гэта рыса яго характару. Я яго вельмі даўно ведаю, ён чалавек мужны. У любых абставінах ён заўсёды спрабуе сябе трымаць у руках. Нельга сказаць, што бадзёра будзеш трымацца ў такіх умовах, але ён вельмі мужны чалавек, і калі яму цяжка, то ён не пакажа, што яму вельмі кепска. Ён заўсёды прыводзіў прыклад жаўнераў Арміі Краёвай, якія змагаліся і з фашыстамі, і потым з савецкімі акупантамі. Ён казаў, што гэтыя людзі перажылі намнога страшнейшыя моманты ў жыцці, чым тыя, якія існуюць цяпер. Таму ён, кіруючыся поглядамі і ўчынкамі тых герояў, таксама сябе і падтрымлівае. Можа гэта яму дапамагае перацярпець тыя жудасныя ўмовы ў якіх ён знаходзіцца»
Намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі, звяртаючы ўвагу на праліўны дождж, адзначыў, што ўжо трэці год праводзяцца такія акцыі салідарнасці, і будуць праходзіць, не зважаючы на кепскае надвор’е, пакуль сітуацыя з беларускімі палітвязнямі не зменіцца ў лепшы бок.
— Трэці год мы тут збіраемся, не зважаючы ні на што – ні на надвор’е, ні на сезон, ні на дождж, снег ці мароз. І будзем збірацца далей, каб напомніць пра Анджэя Пачобута, які сядзіць у Наваполацку, які церпіць, які не атрымлівае лекі ад хваробы сэрца, у якога кожны дзень збіваецца рытм, скача ціск. І не ведаем, як яму іначай дапамагчы, акрамя таго, каб прыйсці сюды і гучна аб гэтым усім паведаміць. Прыходзім таксама сюды, каб распавесці пра астатніх палітвязняў, якіх цяпер ужо больш за паўтары тысячы, аб нашых калегах, аб Дзянісе Івашыне з Гродна, аб Юліі Юргілевіч, аб Паўле Мажэйку, аб Мікалаю Статкевічу – усіх не прыгадаеш, але тое, што мы сюды прыходзім, што мы тут, значыць, што мы памятаем, і значыць, што нам не ўсё адно – тое, што робіцца зараз у Беларусі, тое бяспраўе і тое, што людзі церпяць.
У Беларусі дэмакратыі не існуе і там усё цяжэй быць палякам, адзначыла ў сваім выступленні Барбара Олех з Падляшскага аддзелу арганізацыі «Вспульнота польска».
— У Беларусі штораз цяжэй быць палякам і штораз цяжэй быць з польскай культурай, з польскай літаратурай, з польскай мовай. Падаецца, што тое, што сталася, тое, што робіцца не павінна было здарыцца ў ХХІ стагоддзі. Кажам аб дэмакратыі, кажам аб свабодзе, праз 80 кіламетраў ад нас гэта свабода, гэта дэмакратыя практычна не існуе.
Што паказвае штомесячнае правядзенне гэтай акцыі? З гэтым пытаннем я звярнуўся да журналіста Аляксандра Шведа.
— Гэта акцыя патрэбна, каб напомніць усім нам, што людзі зараз за кратамі. І мы, журналісты, павінны помніць сваіх калег і нагадваць усім астатнім, што шмат журналістаў зараз за кратамі. 34 чалавекі, і ў тым ліку жанчыны. Я прыйшоў, каб выказаць падтрымку тым людзям, якія зараз не з намі, якіх катуе дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, каб быць салідарным з усімі тымі, хто не можа быць вольным на дадзены момант і пакутуе ад гэтага.