Дні памінання продкаў у хрысціян. Калі ў каталіцкай царкве галоўныя святы прыпадаюць на 1 і 2 лістапада, то ў праваслаўных галоўны памінальны дзень – Дзмітраўская субота – сёлета прыпадае на 4 лістапада.
Культуролаг Рэгіна Лавор, якая паходзіць з горада Іўе на Гарадзеншчыне, распавядае racyja.com пра тое, як гэтыя дні традыцыйна адзначаюць мясцовыя католікі.
РР: Цяпер восеньскія Дзяды, яле гэта ўмоўная назва. Як у вас гэта выглядала?
– Так, паколькі мы ўсё ж Заходняя Беларусь, то ў нашым рэгіёне значная частка гэта каталікі. Вельмі шмат людзей увогуле лічыць сябе палякамі. Мае бацькі, напрыклад, таксама былі каталікамі і лічылі сябе палякамі. Калі разглядаць гэта пытанне ў разрэзе народных традыцый, рэлігійных традыцый, то ў Іўі ўсё ж прытрымліваліся рэлігійных традыцый. Гэта выглядала такім чынам, што да самога свята пачыналі рыхтавацца загадзя. Мы наведвалі магілы нашых блізкіх, наводзілі там парадак. Адметнай рысай лічылася, што калі побач з тваімі ёсць не пачышчаныя пахаванні і ты ведаеш, што на працягу года за гэтымі могілкамі ніхто не даглядаў, то лічылася, што трэба навесці парадак, пачысціць гэтыя магілы. Наша матуля казала, што мусіш наводзіць парадак на могілках, якія побач з намі.
РР: Гэта да 1-га лістапада?
– Да 1-га лістапада так. Або калі людзі не маглі далучыцца да гэтага святкавання 1-га лістапада, то яны ўжо падчас наведвання магіл запальвалі знічкі, ускладалі кветкі. Само святкаванне пачыналася 1-га лістапада. Гэта лічыцца Днём усіх святых, калі непрацоўны дзень, не ў дзяржаве, а ў людзей. Лічылася, што ў гэты дзень нельга працаваць, у гэты дзень трэба ісці ў касцёл і прымаць удзел у Святой імшы, успамінаць усіх святых. Ні кожны чалавек можа лічыцца святым, а пэўныя людзі. Заўсёды гэта было так, што працэсіі ішлі ад касцёла да старых могілак. На старых могілках дзейнічае капліца. У капліцы таксама адбывалася дзеянне. Пасля гэтага людзі ішлі да сваіх магілак, чакалі там ксяндза, ён асвячаў гэтыя магілы. Адбывалася рытуальнае дзеянне, сувязь з продкамі праз асвячэнне магілы падчас малітвы, людзі далучаліся да самой імшы, гэта ўсё было ўзаемазвязана.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.