Раней Святлана Волчак выкладала фізіку ў БДУ, а яшчэ кіравала страйкамам універсітэта. Пасля звальнення і затрыманняў яна пераехала ў Польшчу, дзе разам з калегамі стварае першы беларускі навукова-папулярны часопіс «Pamyłka», марыць пра ўзнікненне супольнасці беларускіх навукоўцаў і плануе заснаваць для іх народную прэмію «Бізон Гіг’с».
Пра ўсё гэта novychas.online паразмаўлялі са Святланай, якая здольна заразіць сваім энтузіязмам нават самых адчайных скептыкаў.
— Святлана, як ідуць справы ў Pamyłka Zin? Ці задаволены вы тым, як развіваецца праект, ці атрымалася за гэты час стварыць кам’юніці чытачоў?
— Зараз мы робім ужо трэці нумар зіна. Праца над адным нумарам займае 3-4 месяцы. У нас ужо ёсць сталая база падпісчыкаў, у якіх штомесяц з карткі здымаецца пэўная сума грошай — 10 еўра. Гэтыя людзі надаюць устойлівасць праекту, вельмі моцна падтрымліваюць рэдакцыю.
Я сапраўды задаволеная тым, як развіваецца праект. Пра сталую супольнасць чытачоў, людзей, якія пачалі б абмяркоўваць навуку і ўсё, што з ёй звязана, казаць яшчэ рана. Думаю, на гэта спатрэбіцца яшчэ год працы. Але мы нікуды не спяшаемся, таму што натуральна, што супольнасць людзей, між якімі выбудуюцца адносіны, заснаваныя на даверы, не створыцца вельмі хутка.
— А як вы прыблізна ўяўляеце сабе партрэт чытача зіна? І якія стартавыя веды ў прыродазнаўчых і тэхнічных навуках павінны быць у патэнцыйных чытачоў?
— Насамрэч, наша дызайнерка робіць часопіс такім прывабным і яркім, што некаторыя думаюць, нібыта ён дзіцячы. Але для сябе мы вызначылі, што ён падыходзіць людзям усіх узростаў. Дарэчы, «Pamyłka»не толькі пра фізіку, ён пра прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі. У ім матэматыка, хімія, біялогія, нават медыцына.
Думаю, часопіс можна чытаць і разумець гадоў з 13, калі школьнікі пачынаюць вывучэнне гэтых навук. Мне здаецца, сярэдні ўзровень ведаў дарослага адукаванага чалавека, які не займаецца навукай прафесійна і крыху падзабыў тое, што пісалі ў падручніках, прыблізна такі ж, як у школьніка, веды якога свежыя. Менавіта таму наш часопіс для ўсіх.
Узровень артыкулаў у ім вельмі розны. Некаторыя здолее зразумець і 10-гадовы школьнік, у той час як іншыя адкрыюцца толькі вузкім спецыялістам у пэўнай тэме. У нас увогуле няма асаблівых абмежаванняў для аўтараў, таму што навуковая журналістыка сярод беларусаў агулам не надта развіта, няма выданняў, якія б пастаянна асвятлялі навуковыя тэмы. Так што аўтары зіна «Pamyłka»навучаюцца ў працэсе. Пішуць так, як хочуць і могуць пісаць.
— Распавядзіце, калі ласка, пра аўтараў трэцяга нумара часопіса. У сваім пасце вы неяк назвалі іх «самымі разумнымі, цікавымі і творчымі беларусамі планеты», таму хочацца даведацца пра іх пабольш.
— Трэці нумар змяшчае 10 артыкулаў: дзевяць навуковых, а дзясяты — апісанне ўзнагароды, якую мы хочам заснаваць. Адзін з артыкулаў напісала я — рэцэнзію на фільм «Опенгеймер», а астатнія 8 артыкулаў — ад людзей, з якімі асабіста я не знаёма. З некаторымі мы ўжо паўзаемадзейнічалі ў папярэдніх нумарах, а некаторыя — цалкам новыя людзі, якія проста напісалі нам на пошту, даслалі свой артыкул.
Азін з нашых аўтараў, напрыклад, вывучае акіянічнае дно ў Бельгіі. Іншы аўтар жыве ў Каліфорніі, вывучае квантавыя камп’ютары. Неверагодна! Гэта беларусы, якія знаходзяцца ў розных кутках свету, пры гэтым яны зацікаўлены ў тым, каб падзяліцца сваімі ведамі менавіта на беларускай мове.
Таксама для нас пішуць і беларусы з Беларусі. Пры гэтым чытач часопіса наўрад ці зможа вызначыць, дзе геаграфічна знаходзіцца аўтар, бо мы не пазначаем яго месца знаходжання. І я лічу, што гэта добра, таму што такім чынам у чытачоў не будзе прадузятага стаўлення, нібыта чалавек з адной краіны піша ці даследуе нешта больш цікавае, чым чалавек з іншай. Свет ужо настолькі глабалізаваны, што ўсё залежыць толькі ад самога чалавека, ступені яго цікаўнасці да прадмета, ад глыбіні спазнання.
Напрыклад, у нас ёсць цікавы артыкул, які напісала дзяўчына, што скончыла ў Беларусі ўніверсітэт па спецыяльнасці архітэктар. Яна рабіла дыпломны праект пра навуковы цэнтр і распрацавала яго як навуковы музей, які можна ў будучыні пабудаваць у Беларусі. Гэта вельмі натхняльна. Гэта мара, якая нават мае спосаб рэалізацыі. Вельмі прыемна чытаць такія тэксты.
Гэта я да таго, што артыкулы розныя, іх пішуць таленавітыя беларусы, пры гэтым не істотна, дзе яны знаходзяцца. Хочацца падкрэсліць і тое, што сённяшнія аўтары часопіса — не проста кола нашых сяброў, а людзі, якія нават пакуль не ведаюць адно аднаго.
— Святлана, неяк вы адзначалі, што «ў Беларусі няма навуковай супольнасці, бо супольнасць не можа існаваць без гарызантальных камунікацый паміж яе ўдзельнікамі». У той жа час адна з мэт часопіса «Pamyłka» — стварэнне такой супольнасці. Скажыце, ці ёсць поспехі на гэтай глебе? Ці ствараецца супольнасць беларускіх навукоўцаў у замежжы?
— Дзякуючы таму, што крэатыўны прадукт, які мы ствараем, будзе выкладзены ў інтэрнэт, для яго фактычна няма ніякіх абмежаванняў. Гэта дае нам магчымасць прымаць тэксты і з Беларусі, і з усяго свету. У гэтым сэнсе адбываецца такі агульны абмен ведамі.
Пра супольнасць цяжка казаць дакладна, цяжка паставіць пэўны дыягназ — пачала яна стварацца ці не. У любым выпадку штосьці пачынаецца. Калі мы кажам пра нефармальную супольнасць, няма дакладных крытэрыяў і правіл яе фарміравання.
Але, напрыклад, я і мае сябры пачалі рабіць гэты часопіс. Іншыя навукоўцы спрабуюць рабіць адкрытыя навуковыя лекцыі на беларускай мове. Журналісты бяруць інтэрв’ю ў навукоўцаў, якія чагосьці дасягнулі па-за межамі Беларусі, блогеры таксама праяўляюць да іх цікаўнасць… Усё гэта скіравана на тое, каб людзі пачалі больш цікавіцца навукай, каб утваралася больш гарызантальных сувязяў між людзьмі.
Самае складанае на сёння заключаецца ў тым, каб выбудаваць адносіны, заснаваныя на даверы. Хтосьці бачыць: «О, класны часопіс, хачу туды напісаць!». Іншыя ставяцца больш скептычна.
Так, мы сапраўды ставім на мэту фарміраванне супольнасці, але хтосьці лічыць, што гэта гучыць занадта амбіцыйна, гучна, маўляў, не трэба пра гэта казаць. Мне здаецца, гэта такая асаблівасць псіхалогіі беларусаў, нашай ментальнасці — людзі баяцца прагаворваць тое, што яны намагаюцца зрабіць. «А раптам я скажу, а потым не атрымаецца».
Але, будуючы супольнасць, не можа быць такога, што нічога не атрымаецца. Я б хацела мець магчымасць камунікаваць з іншымі беларусамі на беларускай мове пра фізіку ці пра іншыя навукі. Гэта мая мэта. І я проста намагаюся стварыць кола людзей вакол, з якімі змагу так размаўляць. А гэта і ёсць супольнасць.
І так паступова людзі пачнуць больш камунікаваць, абменьвацца ведамі, сустракацца, і ім самім захочацца рабіць нейкія праекты, прыцягваць людзей, натхняць моладзь, каб яна займалася навукай.
— А як справы асабіста ў вас? Ці ўдалося ўладкаваць камфортнае жыццё ў эміграцыі?
— Гэта пытанне з зорачкай. Я шмат гадоў займалася грамадзянскім актывізмам у Беларусі, у мяне была моладзевая арганізацыя «Фаланстэр». І шчыра кажучы, нават знаходзячыся ў Польшчы, мне лягчэй пачаць нейкі новы праект, чым уладкаваць сваё жыццё. Гэта такі сіндром актывіста.
У чалавека, які займаецца актывізмам, нібы перавернута піраміда Маслоў. Яму трэба спачатку зрабіць нешта важнае, а пасля выжыць.
Я доўгі час шукала працу ў розных школах. Зараз з’явілася цудоўная магчымасць працаваць у англамоўнай школе. Гэта мяне вельмі натхняе. Вось так на сёння складваецца лёс. Пабачым, што з гэтага атрымаецца.
— Святлана, раней вы разглядалі для сябе магчымасць працы ў беларускіх школах Польшчы, але сутыкнуліся з праблемай дрэннага менеджменту ў іх. Як вы лічыце, ці ёсць у такіх школ агулам добрая перспектыва?
— Вядома, ёсць. Я думаю, ніхто не нараджаецца ні добрым менеджарам, ні добрым настаўнікам, ні яшчэ якім спецыялістам. Усе людзі паступова навучаюцца. Проста мяне сапраўды здзівіла, што нефармальная арганізацыя, у якой я ўдзельнічала, мела больш добры менеджмент, чым беларускамоўная школа ў Польшчы.
Але нічога, яны толькі пачынаюць, яны вучацца і, я ўпэўнена, будуць мець поспех. Проста трэба даць час, і ўсё будзе добра.
— Вы таксама адзначылі, што некаторыя школы ў эміграцыі «робяць абвестку па пошуку настаўнікаў па-беларуску, але выкладанне ў школе пры гэтым вядзецца па-руску». Як вы думаеце, а ці ёсць у саміх беларусаў запыт на тое, каб дзеці вывучалі фізіку па-беларуску? Здаецца, дагэтуль нават сярод беларусацэнтрычных людзей пануе стэрыятып, што дакладныя навукі трэба вывучаць на «нормальном языке».
— Я жыву ў Польшчы, польская мова цудоўная, тут на ёй уся навука. Сама мова ж вельмі падобная да беларускай. Калі чытаю нешта пра фізіку па-польску, заўжды думаю, гэтак жа сама магло б быць і на нашай мове. Чаму не?
На жаль, беларуская мова настолькі прыгнечана, што людзі самі ўбілі сабе ў галаву, нібыта на ёй немагчыма мысленне пра навуку. Гэта толькі абмежаванне ў нашай галаве. Насамрэч, калі мова з’яўляецца каштоўнасцю, на ёй можа быць усё. Любая навука.
Інснуюць слоўнікі па прыродазнаўчых навуках, проста трэба вяртаць іх да жыцця, карыстацца імі.
Варта дадаць, што асноўная навука ў свеце зараз развіваецца на англійскай мове. Таму нават калі хтосьці лічыць, што руская мова адкрывае ўсе дарогі, гэта не так. Калі людзі спраўды хочуць быць на першым фронце навуковай думкі, то ім трэба карыстацца англійскай.
— Распавядзіце, калі ласка, пра «Бізон Гіг’с» — прэмію для беларускіх навукоўцаў, якую вы плануеце заснаваць. У чым яе ідэя?
— У першае чаргу хачу адзначыць, што гэта не проста класічная прэмія, якую хтосьці камусьці выдае. Асноўная ідэя ў тым, каб зрабіць беларусаў значнымі і бачнымі для сваіх суайчыннікаў.
Каб нават людзі, якія не займаюцца навукай, убачылі, што такая дзейнасць у нашай краіне ёсць, убачылі, як яна адбываецца, зразумелі, што такое быць навуковым супрацоўнікам, рухаць навуку. У пэўным сэнсе мы хочам быць піяр-агенцтвам для беларускіх навукоўцаў.
Паколькі на сёння няма нейкага нефармальнага кола навукоўцаў у прыродазнаўчых ці тэхнічных навуках, няма і тых, хто мог бы судзіць, хто з іх класны, а хто менш класны. Таму гэтая прэмія будзе народнай. Самі беларусы будуць галасаваць за чалавека, якому варта выдаць прэмію.
Чалавек не зможа намініраваць сябе, але кожны зможа намінірваць іншага. То-бок трэба будзе сказаць, што іншы чалавек — вельмі класны, разумны, цікавы, што ён прыдумаў нейкі алгарытм, вынайшаў від ці наблізіўся да чагосьці ў сваёй навуковай сферы.
Беларусам трэба будзе ўзгадаць усіх тых цікавых, разумных людзей, якіх яны ведаюць. І самі ж людзі будуць выбіраць пераможцаў.
Атрымліваецца, што ў нейкім сэнсе не так істотна, хто ўрэшце выйграе, але людзі змогуць убачыць, хто ў нас ўвогуле нешта робіць.
Мы збіраемся краўндфаўндзіць на прэмію. Створым асобны лот на платформе Buy Me a Coffee, каб узнагародзіць пераможцу. Колькі назбіраем, столькі і атрымае лаўрэат.
Такім чынам, у нас няма мэты паказаць, што мы тыя, хто вырашае, каму выдаць прэмію. Не, мы проста выбудоўваем працэс вакол гэтага.
— Як вы лічыце, ці гатовы беларусы мабілізавацца, каб узгадаць сваіх герояў і агулам актыўна паўдзельнічаць у праекце?
— Гэта пакуль сапраўды невядома. Таму мы аб’яўляем прэмію толькі на наступны год, а пакуль распавядаем, што ёсць такая ідэя, маўляў, «а што вы думаеце, а як вам?».
У той жа час плануем зладзіць конкурс на знешні выгляд узнагароды. У назве прэміі відавочная адсылка да ўласна базона Гігса, да таго ж Бізон асацыюецца з беларускім зубром. Мы прапануем мастакам проста намаляваць тое, як яны бачаць узнагароду, і зробім галасаванне. Пазней замовім 3D мадэль малюнка, які назбірае найбольш галасоў.
Агулам, цалкам нармальна, калі раптам гэта ўсё не спрацуе, калі людзям гэта не трэба. Нармальна, калі нейкія праекты не ўдаюцца. Але ж, можа, і спрацуе.
Адзначу і тое, што гэта ўсё ж не Нобелеўская прэмія, не прэмія за нейкую звышзаслугу. У той жа час мы ведаем гісторыі, калі робіцца нейкае адкрыццё, на першы погляд не надта значнае, але праз некалькі гадоў яно становіцца суперзначным. Мы хочам зрабіць гэтую прэмію максімальна гарызантальнай. Каб беларусы ведалі сваіх герояў, ведалі, якія класныя іх суайчыннікі.
Замовіць друкаваную версію Pamyłka Zin : https://www.buymeacoffee.com/pamylka/e/187680
PDF-версія часопіса: https://www.buymeacoffee.com/pamylka/e/181154