Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ сардэчна віншуе шаноўнага Радзіма Гаўрылавіча з 95-годдзем!
Імя акадэміка Радзіма Гарэцкага добра вядомае сусветнай навуковай супольнасці – для яе ён жывы класік і непахісны аўтарытэт ў галіне геолага-мінералагічных навук, доктар, прафесар, колішні віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэат безлічы дзяржаўных і замежных прэмій, аўтар прарыўных манаграфій і шэрагу найважных доследаў усепланетнага значэння.
Імя пісьменніка і публіцыста Радзіма Гарэцкага знаёмае кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі – яго кнігі, прысвечаныя пытанням гісторыі нацыянальнага адраджэння, як пачатку XX стагоддзя, гэтакі і XXI-га, а таксама рэканструкцыі біяграфій беларускіх дзеячаў з дынастыі Гарэцкіх, даўно зрабіліся літаратурна-гістарычнай класікай.
Але што датычыць нас, то няма для „Бацькаўшчыны“ даражэйшай іпастасі Радзіма Гаўрылавіча за грамадска-дзяяцкую. Бо менавіта ён ад моманту абрання яго прэзідэнтам на Першым з’ездзе беларусаў свету цягам васьмі гадоў кіраваў Згуртаваннем, прымаў удзел у падрыхтоўцы ўсіх сямі З’ездаў і да самай ліквідацыі быў адным з самых актыўных сябраў Згуртавання, заўжды выкройваючы з сваіх науковых заняткаў час, каб падтрымаць арганізацыю і падзяліцца мудрасцю з кіраўніцтвам.
Праз усе гэтыя гады мы не можам перастаць захапляцца з моцы адданасці Радзіма Гаўрылавіча беларускай справе. Мець далучнасць да асобы такога маштабу –найвышэйшы гонар для нас.
Шаноўны Радзім Гаўрылавіч! Ад усяго сэрца зычым Вам моцнага здароўя і натхнення, заужды заставацца такім жа імпэтным і актыўным!
ЗБС „Бацькаўшчына“