Управа Падляшскага ваяводства ўзнагародзіла адзінаццаць падляшскіх дзеячаў культуры і мастацтва штогадовымі прэміямі за дасягненні ў галіне мастацкай творчасці, папулярызацыі і аховы культуры.
Прэміяй таксама быў уганараваны адзін з самых вядомых і папулярных сучасных беларускіх пісьменнікаў, гісторык Уладзімір Арлоў:
– Гэта мая трэцяя польская ўзнагарода. Ёсць медаль „За заслугі перад польскай культурай” і прэмія гданьскай мэрыі „Еўрапейскі паэт свабоды”. Але прэмія маршалка Падляшскага ваяводства для мяне асабліва дарагая, бо я атрымаў гэтую ўзнагароду тут на Падляшшы. Дзе знайшоў прытулак я і многія беларускія творцы ў такі цяжкі для Беларусі, для беларускай культуры час.
Прэмію атрымаў і Моладзевы хор кафедральнай парафіі Святога Мікалая Цудатворцы ў Беластоку. Кажа дырыжор Юлія Кулік:
– Нашай асноўнай дзейнасцю з’яўляецца выкананне спеваў у царкве падчас набажэнстваў. Нас можна пачуць кожны тыдзень а 7:30 у саборы па вуліцы Ліповай. Пробы праходзяць кожны панядзелак а 17-й гадзіне ў Цэнтры праваслаўнай культуры. Таму калі б хтосьці хацеў паспрабаваць, то сардэчна запрашаю.
Лаўрэатамі таксама сталі Kapela Kurpiowska, ансамбль мажарэтак „ШОК”, асобныя спевакі, музыкі, тэатральныя і харавыя дзеячы. Сёлета агульная сума штогадовай прэміі ад Управы Падляшскага ваяводства за дасягненні ў галіне мастацкай творчасці, папулярызацыі і аховы культуры, склала 110 тысяч злотых.