У Беластоку прайшла прэзентацыя кнігі вершаў «Побач»

Паэтэса Наста Кудасава і мастачка Святлана Дземідовіч прадставілі ў беластоцкім хабе «Новая зямля» выйшаўшую сёлета кнігу вершаў «Побач». У зборнік увайшлі творы, напісаныя як у Беларусі да 2020 года, так і пасля грамадска-палітычных падзей, і прадстаўлены яны як адна дарога, па якой ідзе чалавек.

Наста Кудасава пачала пісаць і збіраць уласныя вершы ў кнігу «Побач» яшчэ ў 2016 годзе. У асноўным яны насілі лірычны змест, адлюстроўваючы ўласныя перажыванні паэтэсы. І назва «Побач» гэта не толькі пра тых, хто знаходзіцца абок, але і адсыл да закліку пабачыць. Такая своеасаблівая гульня слоў.

Пасля падзей 2020 года крыху змяніліся наратывы вершаў, у выніку кніга стала зборнікам твораў пра самоту і надзею, пра пошук сябе і радзімы ў шалёных варунках рэчаіснасці. Нітуючы асабістае і гістарычнае, моўнае і візуальнае, зборнік паказвае шматаблічны свет растрывожанага сучаснасцю чалавека: ад роспачы і зняверанасці да захаплення жыццём. У той жа час мастачка Святлана Дзямідовіч, чыімі малюнкамі аздоблена выданне, убачыла ў вершах дарогу, па якой ідзе чалавек. Распавядае Наста Кудасава:

«У кнігі «Побач» быў такі даўгі, пракручасты шлях. Мы некалькі гадоў яе рыхтавалі, доўга рыхтавала я вершы, а потым доўга Святлана стварала ілюстрацыі. Мы яшчэ доўга хацелі, каб яна выйшла ў Беларусі, усё спадзяваліся, што атрымаецца. Таму гэта кніга асабліва для мяне дарагая. Яна выйшла незвычайнай такой, не падобнай да іншых, бо сапраўды туды вельмі шмат укладзена сіл. Якія там вершы? Ну ўсё тое, што я пішу. Туды ўвайшлі вершы напісаныя прыкладна з 2016 года па 2020-ы на абсалютна розныя тэмы. Мне хацелася зрабіць яе больш універсальнай. І гэтая назва кажа так, што туды трапілі тэксты на такія агульначалавечыя тэмы. Там і тэма кахання, і тэма адзіноты, і пошук сябе, і чалавек, які спрабуе знайсці сэнс жыцця, і тыя варункі, у якія мы трапілі сёння там адлюстраваны. Тое, што адбываецца ў Беларусі, некалькімі вершамі таксама намечана з 2020 года. Мне хацелася і сваё асабістае перадаць, і туды нейкія грамадзянскія творы ўключыць, каб там было ўсё разам. І плюс яшчэ ілюстрацыі ствараюць асобную графічную аповесць, бо ёсць свая канцэпцыя ў кнізе. Герой кнігі, якога намалявала Святлана, гэта жанчына, якая ўваходзіць у кнігу і расходзіцца праз усю кнігу. І гэта тэма шляху, дарогі развіваецца. Мне хацелася зрабіць яе такой канцэптуальнай, каб нейкая надзея ў людзей заставалася. «Побач» – гэта такое вельмі простае слова, але гэта тое, што нам сёння трэба, быць побач, не губляцца».

Наста Кудасава і Святлана Дземідовіч

Паводле аўтаркі, водгукі на яе кнігу настолькі цудоўныя, што пад іх хочацца стварыць асобную старонку.

«Ведаеце, у нас часта скардзяцца, што ў нас няма літаратурнай крытыкі ў Беларусі. Я разумею, што ў цяперашніх умовах вельмі цяжка ўсім працаваць і крытыкам таксама. Але мне, па шчырасці, не так важна меркаванне прафесіяналаў, крытыкаў. Для мяне вельмі цёпла і важна меркаванне простых, звычайных людзей, каторыя разгарнулі гэтую кнігу, прачыталі, склалі сваё меркаванне, і часам гэта такія вялізныя разгорнутыя лісты, вельмі цёплыя, вельмі асэнсаваныя, напоўненыя нейкімі шчырымі, асабістымі перажываннямі, пасля каторых напраўду хочацца жыць і пісаць далей. І разумееш, што гэта мае нашмат большы сэнс, чым крытыка, апублікаваная ў нейкіх перыядычных выданнях. Я і раней атрымлівала лісты ад чытачоў, але пасля гэтай кнігі, мне здаецца, неяк асабліва многа такіх шчымлівых было, можа таму, што мы ўсе раз’ехаліся. Беларусы такія разарваныя, і гэтае «Побач» нас так прыцягвае».

Што ж тычыцца эміграцыі, то, паводле спадарыні Насты, у яе былі спробы асэнсаваць будучы пераезд, яшчэ знаходзячыся ў Беларусі.

«Калі я прыехала ўжо сюды, то я чамусьці не зусім разумею, што я адчуваю, бо я адчуваю цэлы спектр пачуццяў розных – і добрых, і дрэнных. Штосьці мне падабаецца, штосьці не. Я пакуль яшчэ не гатовая неяк выказацца. Я можа як і Яўген Барышнікаў не магу пра гэта ні казаць, ні пісаць. Я не зразумела, ці я ў камандзіроўцы нейкай доўгатэрміновай, ці ў нейкай вандроўцы, я не знаю пакуль. Я стараюся пра гэта не думаць, а штодня працаваць, каб не пачаць сумаваць».

Варта адзначыць, што кніга вершаў «Побач» выйшла тыражом у тысячу экзэмпляраў у варшаўскім выдавецтве «Скарынічы». Дарэчы, як сцвярджае Наста Кудасава, выданне можна купіць і ў Беларусі.

radiounet.fm