Ваенная залежнасць Беларусі ад Расіі настолькі ўзрасла, што на гэтым фоне праблемы з расійскай ваеннай прысутнасцю ў Беларусі цяпер такімі не з’яўляюцца.
Кіраўнік Расіі 12 снежня падпісаў закон пра ратыфікацыю пагаднення з Беларуссю пра стварэнне і функцыяванне вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў. Пагадненне пра гэта было падпісанае 28 сакавіка 2023 года ў Мінску, а ўжо ў ліпені беларускія ўлады ратыфікавалі той дакумент. Цяпер працэдуру ратыфікацыі завяршыла і РФ.
Пра стварэнне сумесных вучэбна-баявых цэнтраў міністэрства абароны Беларусі і Расіі дамовіліся яшчэ ў сакавіку 2021 года. Увосень таго ж года было заяўлена аб стварэнні трох цэнтраў у Ніжагародскай і Калінінградскай абласцях Расіі і ў Гродзенскай вобласці Беларусі.
Аднак увосень 2022 года аб цэнтрах зноў загаварылі: Лукашэнка сваім указам адобрыў праект пагаднення з Расіяй аб стварэнні і функцыянаванні вучэбна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі ваеннаслужачых. У тыя ж дні Лукашэнка аб’явіў аб разгортванні сумеснай групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі, «калі ўзровень пагрозы дасягае цяперашняга ўзроўню, як цяпер».
Што азначае з’яўленне вучэбна-баявога цэнтра на тэрыторыі Беларусі? Экспрэс-меркаванне «Новаму часу» даў палітолаг Валерый Карбалевіч.
— Гэта ўзмацненне расійскага ваеннага кантролю над Беларуссю. Вучэбна-баявыя цэнтры — гэта зародак ваеннай базы, бо вайскоўцы трэніруюцца не на трэнажорах, а на баявой тэхніцы, якую рэальна можна прымяняць падчас баявых дзеянняў. У гэтым асаблівасць вучэбна-баявых цэнтраў. І ў мяне склалася ўражанне, што вучэбна-баявыя цэнтры – гэта другая назва рэальнай ваеннай базы, такі эўфемізм. Хай сабе і ў невялікай колькасці, але важна, што называецца, «заняць пляцоўку».
Канешне, цяпер на фоне вайны ва Украіне на такую дэталь мала хто звяртае ўвагу. Але вайна раней ці пазней закончыцца, а вучэбна-баявы цэнтр, — ці ваенная база, — застанецца. А гэта, падкрэсліваю яшчэ раз, важны паказчык, хай сабе і фармальны, узмацнення расійскага ваеннага кантролю над Беларуссю.
— Лукашэнка першым ратыфікаваў двухбаковае пагадненне пра «вучэбна-баявыя цэнтры». Што здарылася і навошта яму гэта спатрэбілася?
— Пасля з’яўлення ў Беларусі расійскай ядзернай зброі пытанне ваеннай базы амаль страціла сваю актуальнасць: у параўнанні з расійскай ядзернай зброяй ваенная база — гэта проста кветачкі.
Паўтаруся, ваенная залежнасць Беларусі ад Расіі настолькі ўзрасла, што на гэтым фоне праблемы афіцыйнага Мінска з ваеннай базай цяпер такімі не з’яўляюцца.