Віншуем з Калядамі і Новым годам!

Родныя нашы беларусы і беларускі!

Сардэчна віншуем Вас з Калядамі і Новым годам!

Мінулы беларускі год нагадваў папярэдні. Як і летась, у розных краінах свету, што прынялі беларусаў, ладзілася беларускія імпрэзы, курсы ды лекцыі, выходзілі беларускія фільмы і ставіліся спектаклі, гралася і запісвалася беларуская музыка, бачылі свет новыя кніжкі – папяровыя, электронныя і аўдыяфарматныя. Нашых творцаў і грамадскіх дзеячаў няспынна ўганароўвалі самымі рознымі прэміямі. Адчыняліся новыя беларускія школы і класы. Паўставалі новыя беларускія суполкі.

Але вядомы і кошт гэтых здабыткаў. Патэнцыял культурнай працы за мяжой прапарцыйны пашырэнню шэрагаў беларусаў замежжа, а адбываецца гэта сёння не з добрых нагодаў.

У той жа час на нашай агульнай Бацькаўшчыне штодня расце лік беларусаў, якія ахвяравалі свабодай у імя незалежнасці краіны, верхавенства права і элементарнай павагі да чалавечай годнасці. Іх, на жаль, многія тысячы. На дзясяткі пайшоў лік тых, хто заплаціў за нашу агульную будучыню ўласным жыццём. Як і летась, у самой Беларусі нязменна пагаршалася становішча беларускай мовы, яна працягвае быць маркёрам, па якім дзеляць людзей на сваіх і чужых, а падмурак незалежнасці – беларуская культура і гісторыя – падмяняюцца сурагатам.

Беларусам замежжа сёння выпала адказнасць быць крыніцай салідарнасці, дбаць і пра тых людзей з і іх сем’ямі, і пра краіну, якая чакае вяртання многіх з нас. Будучыня нашай Радзімы сёння ў нашых руках, але мы ўжо маем дастаткова досведу, каб ганарыцца іх умеласцю і моцай.

Наша супольная задача – выстаяць, выжыць, павялічыць нашае кола і кампетэнцыі, бо ад гэтага залежыць будучыня Радзімы-Беларусі.

Мы зычым, каб святочныя дні прайшлі для вас у атмасферы любові і сяброўства, якія так важныя для нашага маральнага аднаўлення, а надыходзячы год прынёс добрыя навіны з Бацькаўшчыны!

Будзьма разам! Будзьма беларусамі!