Жоўтыя біркі, стварэнне невыносных тэмпературных умоваў, забарона на заняткі спортам, наведванне культурна-масавых мерапрыемстваў унутры ўстановаў з абмежаваннем волі, падробка медычных дакументаў.
І гэта далёка не ўсё, з чым зараз сутыкаюцца палітвязні ў Беларусі за кратамі, – распавяла былая палітвязень Ганна Вішняк:
— Спачатку я была ў СІЗА №1 Менску, гэта вуліца Валадарскага. І там я была ў некалькіх суседніх камерах. Перавялі ў адну з камер, там была лужына па шчыкалатку. І я пісала скаргі і ўстала на галадоўку праз гэта, бо былі ўмовы невыносныя. Там і лужына, і цвіль, і дыхаць дрэнна, і пастаянны кашаль, насмарк. І гэта ўжо перайшло ў хранічнае захворванне. І больш за тое, нейкія дробныя сталі з’яўляцца ранкі на руках. Гэта значыць не драпаешся, нічога, але яны зʼяўляюцца менавіта ад волкасці тэй. І, увогуле, мне прыйшлося напісаць заяву на галадоўку і выкласці ўсе парушэнні правоў чалавека. Пасля гэтага мяне адразу ж перавялі ў суседнюю камеру, але толькі мяне адну, астатніх людзей пакінулі там мучыцца.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле
Былая палітвязень Ганна Вішняк была асуджаная па арт. 342 Крымінальнага кодэкса – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Прысуд – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Зараз знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі.