100 гадоў Барысу Бур’яну

7 студзеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка і тэатральнага крытыка Барыса Бур’яна (1924-2009).

Да вайны Барыс Бур’ян працаваў артыстам у тэатрах Разані і Кінешмы. Скончыў тэатральную студыю пры Разанскім тэатры, а потым са жніўня 1941 года служыў у Савецкай Арміі — у войсках сувязі, удзельнічаў у баях на 4-м Украінскім фронце.

Пасля вайны застаўся ў Беларусі, працаваў карэспандэнтам БелТА, потым быў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні, Менскай кінастудыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў. У 1952—1953 і з 1963 гадах – супрацоўнік газеты “Літаратура і мастацтва”, а з 1967 да1985 гг. працаваў  загадчыкам аддзела тэатра, музыкі і кіно ў рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і “Знак Пашаны”, медалямі.

Літаратурную дзейнасць Барыс Бур’ян пачаў у 1947 годзе з тэатральных рэцэнзій. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Выдаў тэатразнаўчы нарыс “На высоком взлете” (у сааўтарстве, Менск, 1962), брашуру “Каму апладзіруе зала” (Менск, 1972), зборнікі эсэ і артыкулаў “На театральных перекрестках” (у сааўтарстве, Менск, 1967), “З сёмага рада партэра” (Менск, 1978), “Судьба чужая — как своя” (Менск, 1982), “І толькі надпіс…” (Менск, 1987) і іншыя. Выдаў шмат кніг прозы і п’ес. Выступаў і як літаратурны крытык. Стварыў шэраг сцэнарыяў для радыё, тэлебачання і дакументальнага кінематографа. З беларускай мовы на рускую пераклаў асобныя творы Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Барыса Мікуліча, Алеся Якімовіча, Алены Васілевіч, Івана Грамовіча, Тараса Хадкевіча і іншых пісьменнікаў.

Памёр і пахаваны ў Менску.

racyja.com