Вольга Івашына: Нельга гандлявацца чужымі жыццямі

Вольга Івашына

Палітычны вязень Дзяніс Івашын ужо 1037 дзён утрымліваецца ў зняволенні. Цяпер Дзяніс, асуджаны рэжымам на 13 гадоў, знаходзіцца на строгім рэжыме ў Жодзінскай турме.

Пра навіны ад палітвязня, яго настрой, а таксама пра перспектывы вызвалення палітычных вязняў у Беларусі racyja.com гутарыць з Вольгай Івашынай.

РР: Што на сённяшні дзень вядома пра Дзяніса Івашына?

Вольга ІвашынаНу так, насамрэч новай інфармацыі зараз складана. У прынцыпе лісты даходзяць, але шмат там не напішаш, каб увогуле не перакрылі перапіску. Таму ў прынцыпе іншымі шляхамі даведваемся, як ён сябе адчувае і што з ім. На дадзены момант нібыта ўсё дастаткова добра. Хаця ў нас ёсць падазрэнні, якія мы правяраем. Але піша ён усё так жа станоўча, пазітыўна, што ў яго ўсё нармалёва. Канешне сумуе, усіх віншаваў са святамі. Мы яшчэ нават не паспелі ўсім перадаць ягоныя віншаванні. Са здароўем у яго нібыта ўсё добра, наколькі ён можа казаць, прынамсі кажа, што не хварэе.

РР: Дзе ён цяпер знаходзіцца? Ён у звычайнай камеры?

Вольга ІвашынаТак, у звычайнай камеры. Прынамсі, калі піша, то не ў ШІЗА і не ў ПКТ не змясцілі. Можам спадзявацца, што з ім усё добра. Ведаем, што ён на Каляды нават гатаваў сабе куццю. Гэта для нас было дзіўна, раней там штосьці пісаў з іншых месцаў, дзе быў. Гэтым разам ён казаў, што прыгатаваў куццю з грэчкі, з халвы, штосьці яшчэ дадаваў. Напісаў, што дзяліўся з суседзямі аплаткай. Дзе ён яе знайшоў, я проста не магу сабе ўявіць.

РР: Ці ёсць дазволеныя тэлефанаванні?

Вольга Івашына: Так, канешне, ён можа толькі адзін раз на месяц тэлефанаваць. Вымушаны выбіраць, мне або маці патэлефанаваць. Адзін раз, адзін званок да 15 хвілін. Звычайна так і выходзіць 14 плюс-мінус некалькі секунд. Не паспяваеш канешне шмат чаго сказаць. Вядома, што там побач знаходзяцца супрацоўнікі адміністрацыі, нічога асаблівага не паведаміш. Але ў прынцыпе па голасу можна сказаць, што ў добрым настроі, як звычайна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

racyja.com