У новай справаздачы праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за апошні год масавая ліквідацыя ў Беларусі істотна закранула аб’яднанні польскай ды іншых нацменшасцяў.
Кажа кіраўніца праваабарончай арганізацыі “Lawtrend” Вольга Смалянка:
– Арганізацыі, якія аб’ядноўваюць пэўныя нацыянальнасці, на сённяшні момант падвяргаюцца большым рэпрэсіям. З 2021 года ў Беларусі пачаўся ціск на польскую меншасць. Таксама рэпрэсіўныя дзеянні накіраваныя на арганізацыі, якія аб’ядноўваюць літоўцаў. Што датычыць іншых арганізацый нацыянальных меншасцяў, то яны ліквідуюцца так жа, як і іншыя арганізацыі, то бок рандомна.
З 11 зарэгістраваных у Беларусі нацыянальных, культурна-асветніцкіх некамерцыйных арганізацый палякаў пасля пачатку масавай ліквідацыі ў 2021 годзе засталося дзве: ГА “Польская абшчына” і праўладны “Саюз палякаў на Беларусі”.