13 студзеня адзначаецца 131-годдзе з дня нараджэння мастака Хаіма Суціна.
Мастак нарадзіўся ў 1893 годзе ў Смілавічах. Пра значэнне Суціна для Беларусі разважае экскурсавод і ўсходазнаўца Мікіта Моніч:
– Клёвы мастак, моцны мастак, шалёны ў добрым сэнсе. Мастак сусветнага ўзроўню, супольнай культурнай спадчыны. Мастак, які прадстаўлены ў вялікай колькасці ў музеях сусветнага ўзроўню. Мастак, якога спарадзіла беларуская зямля і пасля страціла. Натуральна, ён не мог рэалізавацца на тэрыторыі нашай краіны. Ён мастак, які важны для беларусаў. Ён належыць да сімвалічнага капіталу нашай краіны і нашага грамадства.
Да 2012 году ў Беларусі не было працаў Хаіма Суціна. У 2013 “Белгазпрамбанк” прывёз карціну “Ева”, якая названая “самай дарагой карцінай Беларусі”. А ў 2020-м яна ўвасобіла дух жаночай рэвалюцыі і стала своеасаблівай “іконай” масавых пратэстаў.