20 гадоў таму ў Варшаве памёр знакаміты польскі кампазітар, рок-спявак, аранжыроўшчык Чэслаў Немэн.
Чэслаў Немэн (сапраўднае прозвішчы Выдрыцкі) нарадзіўся ў Старых Васілішках (Шчучынскі раён) 16 лютага 1939 года.
Бацька Чэслава быў касцельным арганістам у сваёй роднай вёсцы, таму хлопчыкам ён спяваў у касцельным хоры. Пазней навучаўся ў музыкальнай педагагічнай вучэльні ў Гародні па класе домры. Як узгадваў аднакурснiк і яго сябра Мiкалай Шышыгін, Чэслаў быў выключна адукаваным чалавекам, але вельмі сумаваў па сваіх Старых Васілішках і часта ездзіў туды, прапускаючы заняткі. Пасля года навучання быў выключаны з вучэльні.
У 1958 годзе сям’я Выдрыцкіх выехала ў Польшчу. Жылі ў Свебодзіне, пасля ў Бялагардзе, Калабжэгу і ўрэшце пасяліліся ў Гданьску. Там Чэслаў паступіў у сярэднюю музычную школу на клас фагота. Пазней выступаў у студэнцкім клубе “Żak”, тэатрах і кабарэтах, выконваў гішпанскія і лацінаамерыканскія песні, граючы на гітары. Дзве з гэтых песень пазней з’явіліся ў яго альбомах.
У 1958 годзе жаніўся на медсястры Марыі Клаўзунік, у 1960-ым нарадзілася дачка Марыя. Сям’я жыла ў Сопаце. У 1971 годзе гэты шлюб распаўся. У 1962 годзе ўдзельнічаў у фэсце маладых талентаў у Шчэціне. Псеўданім Немэн узяў у гонар ракі ў польскім вымаўленні, хоць ад Старых Васілішак, дзе нарадзіўся і прайшло дзяцінства, да Нёмана дастаткова далёка – каля 40 км. Пасля паспяховага ўдзелу ў конкурсах выканаўцаў-аматараў пачаў выступаць з ансамблем “Niebiesko-Czarni”. Разам з ім у гэтым гурце выступалі і іншыя, пазней легендарныя, польскія выканаўцы – Войцэх Корда, Ада Русовіч, Анджэй Небескі, Хелена Майданец. Гурт карыстаўся поспехам як у Польшчы, так і за яе межамі, і нават выступаў у парыжскай “Алімпіі”.
Шырокую ведамасць Чэслаў Немэн здабыў пасля выступу ў 1963 годзе на першым Фэсце польскай песні ў Опале з песняй “Wiem że nie wrócisz” і пазней поспеху песні “Czy mnie jeszcze pamiętasz?” у 1964 годзе. Калі Немэн другі раз трапіў у Парыж, яму давялося выступаць разам з такімі знакамітасцямі як “Spencer Davis Group”, “Kinks” і “Pretty Things”. З-за мяжы Чэслаў вярнуўся з ідэямі хіпі. Ён адгадаваў доўгія валасы, цалкам змяніў імідж, а яго новыя музычныя прыхільнасці былі пад моцным уплывам чорнага соўла. З 1966 года выступаў з гуртам “Akwarele”. З ім запісаў тры альбомы (з іх найбольш удалыя першыя два), правёў некалькі тураў і ўзяў удзел у шэрагу фестываляў.
Ведамы як яркі прадстаўнік еўрапейскага прагрэсіў-року, выканаўца духовай паэзіі, шмат напісаў музыкі на вершы Цыпрыяна Норвіда, адзначыўся эксперыментамі ў галіне электроннай музыкі (альбом “Катарсіс”, 1976 год). У другой палове 1970-ых гадоў гастраляваў у СССР (Масква, Ленінград, Менск, Баку, Ерэван, Адэса, Данецк, Сочы, Рыга). Браў удзел у міжнародным фэсце ў Тбілісі ў 1980 годзе. Адзін з канцэртаў адбыўся ў менскім Палацы спорту ў лістападзе 1976 года.
Астатні альбом Немэна выйшаў увосень 2001 года, хоць тады творца ўжо больш захапляўся выяўленчым мастацтвам і кампутарнай графікай. Агулам дыскаграфія рок-выканаўцы налічвае 26 альбомаў. Апошнія гады жыцця спявак хварэў на анкалогію.
Пахаваны на варшаўскіх могілках Павонзкі, урну з парэшткамі змясцілі ў катакомбах. Помнікі Нэману ёсць у Кельцах і Свебодзіне (Любушскае ваяводства). Драўляны помнік быў пастаўлены на тэрыторыі касцёлу на радзіме. У Старых Васілішках створаны Дом-музей творцы. У 2009 годзе беларускай тэлевізіяй быў зняты дакументальны фільм “Гэты дзіўны свет…”.