Збіраюцца ўвесці адказнасць за непаведамленне пра другое грамадзянства

У Беларусі за непаведамленне ўладам пра другое грамадзянства плануюць неўзабаве ўвесці адміністрацыйную адказнасць, заявіў у эфіры тэлеканала АНТ начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун.

«…Таму што абавязак інфармавання ёсць, частка законапаслухмяных грамадзян выканала гэты абавязак, а хтосьці думае застацца ўбаку ці не паведаміць пра гэта. У кожным выпадку, век сучасных тэхналогій, век татальнага кантролю ў пэўных пунктах за асобай – гэта даволі лёгка выяўляецца», – заявіў Аляксей Бягун. Пасля гэтага ён перайшоў да пагроз:

«Калі яны думаюць, што пазбегнуць неабходнасці апавяшчаць нашы кампетэнтныя органы пра наяўнасць замежнага грамадзянства, то яны вельмі глыбока памыляюцца», – заявіў Бягун. Паводле яго, 70 тысяч беларусаў ужо паведамілі ўладам пра наяўнасць у іх замежных дакументаў.

racyja.com