Жонку палітвязьня Статкевіча Марыну Адамовіч арыштавалі на 15 дзён

Марына Адамовіч. Архіўнае фота

Пра затрыманьне жонкі палітзьняволенага Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч стала вядома 23 студзеня.

Марыну Адамовіч арыштавалі на 15 сутак, паведамляе «Вясна».

Такое пакараньне паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства») жонцы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча прызначыў суд Заводзкага раёну Менску.

Марыну Адамовіч затрымалі 23 студзеня, падчас рэйду супрацоўнікаў КДБ.

У мінулы аўторак па ўсёй Беларусі адбыліся масавыя затрыманьні. Праваабаронцы налічылі сама меней 84 выпадкі.

9 студзеня яна напісала ў Facebook, што ўжо 11 месяцаў не атрымлівала ніякай інфармацыі пра мужа.

У гэты ж дзень стала вядома, што Статкевіч, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 13 (Глыбокае, Віцебская вобласьць), зьмешчаны ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).

Аб’яднаньне былых сілавікоў ByPol паведаміла, што адміністрацыяй калёніі Статкевіч «у мінулым годзе неаднаразова падвяргаўся дысцыплінарным спагнаньням, акрамя таго, на яго сабраны матэрыял для крымінальнай справы паводле арт. 411 КК („Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы“)».

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 году ў Менску. 14 сьнежня 2021 году суд пакараў яго 14 гадамі пазбаўленьня волі ва ўмовах асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).

31 траўня 2022 года Вярхоўны суд пакінуў вырак бязь зьменаў. 20 чэрвеня таго ж году Статкевіч быў пераведзены з Гомельскага сьледчага ізалятара №3 у папраўчую калёнію №13, адміністрацыя якой паставіла яго на ўлік як «схільнага да экстрэмізму», у жніўні зьмясьціла на паўгода ў адзіночную камэру, у верасьні — у штрафны ізалятар.

svaboda.org