Уявіць, як выглядалі велічныя замкі, сядзібы, храмы і іншыя адметныя будынкі, узведзеныя некалькі стагоддзяў таму, сёння магчыма дзякуючы малюнкам Напалеона Орды. Майстар пакінуў 1150 акварэляў ды графічных малюнкаў архітэктурных перлін той эпохі, што імкліва сыходзіла ў нябыт. У сённяшняй вандроўцы прапануем наведаць мясціны Беларусі, звязаныя з жыццёвым і творчым шляхам мастака.
Сядзіба Напалеона Орды
Урочышча Чырвоны Двор, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць
За два кіламетры ад вёскі Варацэвічы, ва ўрочышчы Чырвоны Двор, паводле малюнка мастака аднавілі ягоную родавую сядзібу. Пасля пажару 1943 года ад яе застаўся толькі падмурак. Сюды варта заехаць, паглядзець не толькі на музей, які распачаў сваю працу ў адноўленым будынку ўвосень 2021 года, але і на сажалкі, рэшткі парку, ландшафты, якія сузіраў сам выбітны мастак 200 гадоў таму.
Маёнтак перайшоў ва ўласнасць Ордаў у другой палове XVII стагоддзя, але сам Напалеон Орда пагаспадарыць там не паспеў. Мастак з маладых гадоў прыняў на сябе адказнасць шляхецкага паходжання і ўключыўся ў грамадска-палітычнае жыццё краю. Спачатку за ўдзел у таемным студэнцкім таварыстве ён быў выключаны з чацвёртага курса фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта і трапіў на 15 месяцаў за краты, а пасля актыўнага ўдзелу ў паўстанні 1830–1831 гадоў быў вымушаны эміграваць у Францыю з падробленымі дакументамі, ратуючыся ад рэпрэсій.
З’ехаў Напалеон Орда амаль на 25 год. У эміграцыі творца пазнаёміўся з выбітнымі прадстаўнікамі еўрапейскай інтэлігенцыі: музіцыраваў з Шапэнам, ведаў Бальзака і Стэндаля, паспеў стаць дырэктарам Італійскай оперы ў Парыжы, навучаўся архітэктурнаму пейзажу і вызначыўся з асноўнымі накірункамі сваёй дзейнасці: музыкай і жывапісам. Але, асэнсаваўшы сваё пакліканне, Напалеон Орда адразу пасля абвяшчэння ў 1856 годзе амністыі, пакінуў сям’ю, кар’еру і скіраваўся ў родавы маёнтак, адкуль распачаў безліч вандровак па правінцыях краю з мэтай зафіксаваць на сваіх малюнках рэшткі старога свету. У 1866 годзе Напалеон Орда зноў быў арыштаваны па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863–1864 гадоў, адбыў год зняволення ў гродзенскім астрозе. Тады ж расійскімі ўладамі быў канфіскаваны і ягоны родавы маёнтак.
Сёння ў адноўленым сядзібным доме колішняга маёнтка Ордаў ва ўрочышчы Чырвоны Бор у 12 пакоях месціцца музей. Для наведвання адчынены пакой шляхціча, родавы пакой, працоўны кабінет, жылы пакой Напалеона Орды, майстэрня, гасцёўня, сталовая, ванная, спальны пакой маці мастака Юзэфы Бутрымовіч, пакой ягонай пляменніцы — мастачкі і скульптаркі Гелены Скірмунт і іншыя залі. Музей працуе з 9:00 да 18:00 з перапынкам на абед з 13:00 да 14:00.
Музей Напалеона Орды
Варацэвічы, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Далей рушым у вёску Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Тут варта наведаць «Музейны комплекс імя Напалеона Орды», каб падрабязней пазнаёміцца з біяграфіяй мастака і копіямі ягоных прац. Музейны комплекс складаецца з двух будынкаў: у адным з іх, дзе раней была школа, месціцца карцінная галерэя, у іншым — непасрэдна музей.
Карцінная галерэя адчыніла свае дзверы ў Варацэвічах у 2007 годзе, тут выстаўляюцца працы мясцовых мастакоў, на якіх можна пазнаць процьму навакольных славутасцей. Яшчэ адна зала галерэі адведзена пад сучасныя выставы. У іншай пабудове музейнага комплексу 5 залаў, якія апавядаюць пра розныя перыяды жыцця Напалеона Орды: дзяцінства, эміграцыю, вяртанне на радзіму. Арыгіналаў карцін мастака тут няма, але ёсць вельмі каштоўныя копіі польскіх рэстаўратараў на арыгінальнай паперы ХІХ стагоддзя. Раім замовіць экскурсію, каб найбольш змястоўна азнаёміцца з экспазіцыяй музея ды знакамітым палескім родам Ордаў.
Палац Бутрымовіча
Пінск, Брэсцкая вобласць
Ёсць і ў Пінску мясціны, якія памятаюць Напалеона Орду. Адным з іх з’яўляецца першы мураваны жылы будынак ў горадзе, узведзены ў ХVIII стагоддзі. Закладзены ён быў у 1784 годзе па праекце Караля Шыльдгаўза як рэзідэнцыя сям’і вядомага дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, пінскага суддзі Мацея Бутрымовіча, бацькі Юзэфы Орды з Бутрымовічаў і дзеда Напалеона Орды. Рэзідэнцыя спалучыла ў сабе рысы барока і класіцызму.
Пасля Мацея Бутрымовіча палац належаў ягоным нашчадкам, прадстаўнікам выбітных палескіх родаў Скірмунтаў і Ордаў. Вядома, што Напалеон Орда ў дзяцінстве і юнацтве часта гасцяваў у рэзідэнцыі дзеда, а пасля смерці маці і канфіскацыі ягонага родавага маёнтка пераехаў жыць у так званы «пінскі мур». Тут жа пэўны час жыла і пляменніца Напалеона Орды Гелена Скірмунт, пахаваная на пінскіх могілках па вуліцы Спакойная.
На працягу сваёй гісторыі палац Бутрымовіча быў таксама рэзідэнцыяй каталіцкага біскупа, друкарняй, кінатэатрам і домам піянераў. З 2009 года тут месціцца мясцовы ЗАГС. А ў левым крыле будынка некалькі гадоў таму адчыніўся філіял Музея Беларускага Палесся, прысвечаны прадстаўнікам мясцовай шляхты: Бутрымовічам, Ордам і Скірмунтам. Арыгінальных экспанатаў там няма, але пабачыць знутры будынак, сцены якога памятаюць столькі значных для гісторыі краю асобаў, сапраўды варта. Каб наведаць філіял трэба звярнуцца ў касу Музея Беларускага Палесся (пл. Леніна, 22).
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа
Іванава, Брэсцкая вобласць
Далей рушым у мястэчка Іванава да касцёла Узвышэння Святога Крыжа, частым наведнікам якога быў Напалеон Орда. Будынак храма, якім мы можам яго бачыць сёння, быў адноўлены ў стылі ампір у 1848 годзе на месцы старэйшага свайго папярэдніка.
Месцічы распавядаюць, што пасля аднаўлення касцёла па вяртанні з эміграцыі Напалеон Орда ўласнаруч выразаў з дрэва для храма велічны крыж, які і цяпер можна пабачыць у бажніцы. А скульптура ўкрыжаванага Езуса была зроблена ягонай пляменніцай, вядомай скульптаркай і мастачкай Геленай Скірмунт.
Помнік Напалеону Орду
Іванава, Брэсцкая вобласць
Памёр Напалеон Орда ў 1883 годзе ў адным са шпіталёў Варшавы пасля раптоўнай хваробы. Паводле тэстаменту, мастак быў пахаваны ў родавым склепе ў Іванаве на старых каталіцкіх могілках. Месца пахавання творцы, як і ўвесь родавы склеп, зруйнавалі разам з могілкамі за савецкім часам, каб пабудаваць мясцовую школу. Але на месцы ўмоўнай магілы Напалеона Орды ў Іванаве ў 1997 годзе ўсталявалі адзіны ў Еўропе помнік мастаку, які можна пабачыць і сёння.