Алесь Кіркевіч: «З нашай мовы не трэба рабіць культ»

З нагоды Дня роднай мовы журналіст і пісьменнік, аўтар відэапраектаў «Сармат» і «Трызуб і Пагоня» Алесь Кіркевіч піша ў телеграм-канале «Твая Гісторыя» пра сваю мару аб тым, што аднойчы беларусам не спатрэбіцца Дзень роднай мовы, каб ушанаваць беларускую мову, бо і так усе кожны дзень размаўляюць па-беларуску. Што трэба, каб здзейснілася гэтая мара? Усяго некалькі простых крокаў.

Ёсць такая мара. Штогод, 21 лютага школьнікі будуць прыходзіць у клас, а там, на дошцы будзе напісана нешта па-польску, па-літоўску, па-ўкраінску, па-азербайджанску, па-армянску, па-крымска-татарску, па-расійску.

Бо — Дзень роднай мовы. А ў нашай краіне жывуць этнічныя меншасці. Мы іх шануем. Памятаем. Норма.

Астатнія дні па-беларуску — і на гэта ніхто не звяртае ўвагі. Норма.

З нашай мовы не трэба рабіць культ, несці яе на сподачку, сварыцца з прадавачкамі ў крамах праз словы «гарбата» і «цэтлік», абвешвацца значкамі з літарай «Ў». Яе трэба ўвесці як адзіную на дзяржаўным узроўні. Ужываць на побытавым. Размаўляць. Усё.

У кучы народаў былі праблемы з нацыянальнай мовай. У казахаў, літоўцаў, украінцаў… Яўрэі ў Ізраілі нейкі час не маглі вырашыць: іўрыт або ідыш. Цяпер афіцыйны іўрыт, хоць краіна шматмоўная.

Паляку ці літоўцу не патрэбны сёння Дзень роднай мовы, каб размаўляць на роднай мове.

Усё проста.

1. Замацаваць у законе. 

2. Размаўляць.

budzma.org