Сьпявак, кандыдат навук Дзьмітры Нікановіч у 2020-м падтрымаў пратэсты, а праз 2 гады вымушаны быў звольніцца і эміграваць. У Варшаўскім унівэрсытэце піша навуковую працу “Вобраз Польшчы і палякаў у беларускай прапагандзе”. А таксама займаецца музычнай кар’ерай.
«Я падтрымаў ня той бок, няправільна сябе паводзіў»
У Польшчу ў верасьні 2022 году Дзьмітры Нікановіч прыехаў ненадоўга, у справах, адразу пасьля звальненьня з журфаку БДУ, дзе прапрацаваў 7 гадоў. Прыехаў адзін, безь сям’і. Там жа атрымаў паведамленьне ад сваёй былой студэнткі:
«Дзьмітры Алегавіч, я спадзяюся, што Вы не ў Беларусі. Не вяртайцеся».
Яна ж яму расказала, што па БТ паказалі сюжэт, дзе загадчыца катэдры тэлебачаньня Алеся Кузьмінава разам зь вядоўцай Вікторыяй Паповай згадвалі Нікановіча. Расказвалі, што ён падтрымаў ня той бок, няправільна сябе паводзіў і ўвогуле вырашыў стаць на бок рэвалюцыі.
«Я тады толькі напісаў у фэйсбуку, што звольніўся „па ўласным жаданьні“. Кузьмінава пайшла далей: маўляў, „Дзіма — ён артыст, ён заўсёды быў эмацыйны, летуценны, ня ведаю, навошта гэта яму было…“ Я разумеў, што калі такая ўвага прыцягнутая на БТ, то ня варта вяртацца», — успамінае былы выкладчык журфаку.
Да 2020-га быў чалавекам апалітычным
Нікановіч кажа, што калі быў асьпірантам, атрымліваў «прэзыдэнцкую» стыпендыю, ягоны партрэт вісеў на дошцы гонару. У 26 гадоў абараніў дысэртацыю. Прызнаецца, што да 2020-га быў чалавекам апалітычным.
«У мяне ўсё атрымлівалася. І таму для некаторых мая рэакцыя ў 2020 годзе была нечаканай. Маўляў, «А ты чаго? У цябе ж усё добра, ты „абласканы“. А я проста наіўны быў і шмат чаго ня ведаў. Жыў толькі сваімі інтарэсамі, „на хутары“ сваім. У БРСМ ніколі ня быў, за Лукашэнку ніколі не галасаваў. Але і не змагаўся ніколі, не пратэставаў да 2020-га», — прызнаецца Дзьмітры.
Нікановіч падтрымаў пратэсты, актыўна пісаў у сацсетках, абмяркоўваў са студэнтамі, што адбываецца ў краіне. Яго папярэдзіў калега, перадаў сыгнал «зьверху», што ім цікавяцца,
«Маўляў, людзі з антыдзяржаўнай пазыцыяй ня могуць выкладаць на журфаку, я студэнтаў схіляю не на той бок (а на той момант мне ўжо забаранілі працаваць са студэнтамі-беларусамі 1-2 курсаў). У мяне былі толькі студэнты-кітайцы, я быў пакараны, каб не ўплываць на „дзяцей“, каб не расказваць няправільна, што такое журналістыка. А я вёў „Асновы журналістыкі“, усе спэцпрадметы. Я пытаюся: „Гэта пагроза?“ Ён кажа: „Не, гэта папярэджаньне“».
«Будзеце ГУБАЗіКу тлумачыць»
Нікановіч расказвае, што пайшоў на размову да Вольгі Самусевіч, якая тады была дэканам, а раней — кіраўніцай яго кандыдацкай дысэртацыі на тэму «Газэтны кантэнт ва ўмовах трансфармацыі нацыянальнай мэдыясфэры: адаптацыя і мадэляваньне» (пра мэнэджмэнт мультымэдыйнай рэдакцыі).
«Дэкан журфаку Самусевіч кажа: «Гэта ня я, але тваёй пэрсонай цікавяцца наверсе». Маўляў, гэта не ад яе гэта зыходзіць — я па наіўнасьці хачу думаць пра людзей лепш, чым яны ёсьць.
Другі калега заяўляе: «Пішыце заяву з 30 чэрвеня». Я быў у моцным стрэсе і набраўся нахабства: напішу заяву апошнім днём адпачынку — 26 жніўня. Мне калега кажа: «Глядзіце самі, каб раней да вас не прыйшлі, будзеце ГУБАЗіКу тлумачыць, чаму ў вас такая антыдзяржаўная пазыцыя».
Я адказваю, што ў мяне «абсалютна дзяржаўная пазыцыя, проста мы з вамі па-рознаму разумеем, што такое дзяржава. Для вас дзяржава — гэта Лукашэнка, для мяне дзяржава — гэта людзі», — расказвае цяпер ужо былы дацэнт журфаку.
Звольніўся з БДУ Нікановіч 26 жніўня 2022 году «пры згодзе бакоў». Напісаў пост у сацсетках пра разьвітаньне са студэнтамі.
Вывучае «Вобраз Польшчы і палякаў у беларускай прапагандзе»
У Беларусь Дзьмітры не вярнуўся, застаўся ў Быдгашчы. Да яго пераехалі жонка з дачкой. Расказвае, што спачатку было вельмі цяжка з працай, у першыя месяцы сям’я жыла на ашчаджэньні.
«Я працаваў капірайтэрам, пра што толькі ні пісаў, нават тэксты пра нацяжныя столі па-беларуску, па-расейску. Былі сьмешныя ганарары кшталту „за 1 тысячу знакаў 4 даляры“, атрымлівалася 300-400 даляраў у месяц. Пісаў для нейкіх экспэртаў, „здымаў“ стужку (набіраў тэксты з дыктафонных запісаў. — Рэд.), чаго толькі не рабіў» — успамінае першыя месяцы эміграцыі Дзьмітры.
Цяпер ён працуе ў прэс-службе адной арганізацыі спэцыялістам па сувязі і камунікацыях. У яго сталы заробак, нарэшце прайшоў стрэс і зьнікла пытаньне, за што здымаць кватэру.
Па праграме Кастуся Каліноўскага Нікановіч праходзіць стаж у Варшаўскім унівэрсытэце, атрымлівае стыпендыю. Мае магчымасьць зрабіць зручны для сябе расклад заняткаў — ён прыяжджае ў Варшаву на панядзелак і аўторак, астатнія дні працуе ў Быдгашчы. Піша навуковую працу на тэму «Вобраз Польшчы і палякаў у беларускай прапагандзе».
«Калі я адчуў нейкую глебу пад нагамі, у мяне ўключылася дасьледніцкая цікаўнасьць, як у праграме „У сьвеце жывёлаў“ зь Мікалаем Драздовым. Зараз прыкладна з такой жа інтанацыяй я чытаю пра ўсе „жахі“, што піша беларуская прапаганда пра Польшчу. Гэта такія выдумкі, фантастычна вар’яцкія тэксты! Але я да гэтага стаўлюся абсалютна безэмацыйна, як доктар-псыхіятар.
Можа быць, з гэтага нешта атрымаецца. Бо я чалавек унівэрсытэцкі, 7 гадоў я выкладаў на журфаку, скончыў магістратуру, асьпірантуру. Я не магу сказаць, што ў нас было дрэннае асяродзьдзе, выключна маргінальныя калегі (калі б так было, я б там не заставаўся). Проста пра журфак зараз столькі дрэннага гавораць… Я адчуваў, што гэта ўнівэрсытэт, там заставаліся высокія стандарты. Мне б хацелася вярнуцца ў БДУ. А пакуль мне падабаецца вучыцца у Варшаўскім унівэрсытэце», — прызнаецца Дзьмітры.
«Калі на журфак прыходзіць са спэцпраектам Рыгор Азаронак — гэта жах»
На думку Дзьмітрыя Нікановіча, пасьля 2020 году журфак БДУ моцна пацярпеў. Многім выкладчыкам не падоўжылі кантракты (імёны ён не называе, бо людзі застаюцца ў Беларусі), звольнілі без усялякіх спачуваньняў і жалю кандыдатаў і дактароў навук. Шмат студэнтаў адлічылі, яшчэ больш самі пакінулі ўстанову.
«Калі на журфаку працуе Ігар Тур, прыходзіць са спэцпраектам Рыгор Азаронак — гэта жах. Калі агульна разважаць, па-філязофску, то мне здаецца, у людзей няправільна выбудаванач сыстэма каштоўнасьцяў, калі гаварыць пра паліталягічную пісьменнасьць. Яны не падзяляюць уладу і дзяржаву. У іх галаве быць нязгодным з уладай азначае быць здраднікам дзяржавы, радзімы.
Другое — гэта адсутнасьць эмпатыі, няма спачуваньня да людзей зь іншымі поглядамі. Няма культуры гэтага, няма ў Беларусі публічных дэбатаў, разьвітай палітыкі, дзе можна было б выказвацца, не баючыся асуджэньня і цкаваньня», — разважае Дзьмітры.
Яшчэ адна прычына — гэта страх, працягвае ён. Людзі баяцца, што па іх, іхных блізкіх прыйдуць, што яны штосьці страцяць. У іх страх за тое, што нічога іншага ня ўмеюць рабіць.
«Я ведаю псыхалёгію многіх выкладчыкаў вышэйшай школы, маўляў, калі ты абараніў кандыдацкую, доктарскую, ты можаш ужо „спачываць на ляўрах“, не хвалявацца. У гэтай сытуацыі вельмі хочацца захаваць „статус кво“ і не высоўвацца, не зрабіць чагосьці такога, каб цябе прапусьцілі праз мясарубку. Гэта мой адказ, чаму многія маўчалі, некаторыя нават падміргівалі, казалі: „Мы ж за вас, вы ж усё разумееце, усё ня так адназначна“. Гэта проста мэмы, якімі яны размаўляюць! І ўсё гэта настолькі цынічна, што ў мяне не знаходзіцца слоў…» — уздыхае былы выкладчык журфаку.
Франка-беларуская трылёгія
У дзяцінстве Нікановічу прарочылі кар’еру сьпевака. Бацькі і баба зь дзедам ставілі яго на зэдлік, каб вершыкі пачытаў, песеньку прасьпяваў. Кажа, што яму пашанцавала са школьнай настаўніцай музыкі, якая заўважыла ў хлопчыка здольнасьці. У 11 гадоў ён паехаў на рэспубліканскі конкурс «Сузор’е надзеі», стаў ляўрэатам. Пазнаёміўся там з Вольгай Сацюк, першай прадстаўніцай Беларусі на дзіцячай «Эўравізіі». Шмат выступаў на розных канцэртах у родным Берасьці. Калі паступіў на журфак, пазнаёміўся зь Мікітам Найдзёнавым, які піша вершы і музыку.
«Мікіта напісаў для мяне песьню „Ніколі“, якая і дагэтуль гучыць. Потым у нас зьявілася кампазыцыя „Ключы“ — я выпусьціў дэбютны кліп, у якім зьняўся купалавец Міхаіл Зуй. Так закруцілася-завярцелася. Былі дзьве песьні па-расейску, бо на радыё бяруць іх з большай ахвотай. Шчыра скажу, што ў нас былі такія праблемы, казалі: нефармат», — успамінае свае першыя крокі ў музычнай кар’еры Дзьмітры.
У 2017 годзе ў Нікановіча адбыўся першы сольны канцэрт у Менску, «кватэрнік» з жывымі музыкамі, куды прыйшло больш за 100 чалавек. Наведала той канцэрт і ягоная каляжанка па музычнай школе, опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук.
У 2018 годзе выйшла кампазыцыя «Жоўтае таксі», яна дагэтуль у ратацыі, гучыць у беларускіх радыёэфірах. Потым быў перапынак, абарона кандыдацкай дысэртацыі.
«Быў цяжкі пэрыяд, які ня скончыўся і ў 2020 годзе: спачатку ковід, потым пратэсты, рэпрэсіі. Тым ня менш зьявілася работа, якой я вельмі ганаруся. Мы зь Мікітам Найдзёнавым пераклалі на беларускую мову тры францускія кампазыцыі — франка-беларуская трылёгія, наша рэакцыя на тое, што адбываецца ў краіне, алюзіі на сытуацыю ў Беларусі.
Сёлета Нікановіч з Найдзёнавым выпусьцілі кліп, беларускамоўную вэрсію песенькі «Let it snow».
«У гэтай песьні ёсьць словы пра эміграцыю: „І дэпрэсія з тых часоў ляціць зноў, ляціць зноў, ляціць зноў“. Ёсьць такі радок: „Хай сувора вакол і зімна, але ў сэрцы адна радзіма, і з табой як да палюсоў ляціць зноў, ляціць зноў, ляціць зноў“. Неўзабаве я выкладу відэа са словамі песьні, як да караоке», — абяцае Дзьмітры Нікановіч.
На пытаньне, ці шмат беларусаў вернецца, Дзьмітры адказаў, што гэта залежыць ад таго, колькі гэта яшчэ працягнецца: маўляў, у 2020-м думалі, што ўсё скончыцца праз пару месяцаў. А ўжо больш за 4 гады прайшло.
«Калі пазытыўна разважаць і мысьліць — у нас ёсьць выдатная магчымасьць у эміграцыі захоўваць беларушчыну і ўсю нашу спадчыну, якую там імкнуцца захоўваць па-партызанску. А яшчэ ў нас тут ёсьць магчымасьць знайсьці беларускасьць, якой у нас не было. Мае прабабкі, бабулі, бацькі размаўлялі са мной па-расейску. Але ў 18 гадоў у мяне адбыўся нейкі тэктанічны зрух і ў сьвядомым жыцьці, на працы, у творчасьці, у сям’і, у сацсетках я знайшоў у сабе тую беларускасьць — менавіта на журфаку я пачаў гаварыць, пісаць, сьпяваць па-беларуску, і тут працягваю.
І гэта вельмі здорава, што ў эміграцыі мы хочам пачуваць сябе беларусамі, ня хочам быць падобнымі да ўкраінцаў, да расейцаў. „Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць“ — такі штамп, але гэта ісьціна. Таму я пазытыўна на гэта гляджу», — ня страчвае аптымізму Нікановіч.
І дадае, што шукае пазытыў ва ўсім: у эміграцыі зьяўляецца шмат новых кніг, песень, бо ў Беларусі гэта было б немагчыма для многіх таленавітых творцаў.
«Колькі ўсяго яшчэ трэба дасьледаваць, бо там пакуль гэта немагчыма. І хто там будзе ў Беларусі на журфаку пісаць пра беларускую прапаганду? Ніхто, бо гэта нерэальна зрабіць у тых умовах.
Я разумею, што гэта „нацягваньне савы на глёбус“ (сьмяецца). Але, каб не звар’яцець, я даю ўстаноўку, пераконваю сябе: у нас тут таксама ёсьць свая місія. Мы не павінны забывацца, адкуль мы ёсьць, кім мы ёсьць, працягваць рабіць тое, што мы можам рабіць. І мы робім», — перакананы былы выкладчык журфаку БДУ Дзьмітры Нікановіч.