У ЗША стане на адну беларускую прастору больш. Беларусы Мінеапалісу набылі сабе ва ўласнасць будынак. Прыблізная плошча памяшкання 10 000 квардатных футаў, ці каля 929 квадратных метраў. Будынак двухпавярховы і знаходзіцца непадалёк ад даўн таўну Мінеапалісу. Там плануецца стварыць апартаменты для часовага пражывання ўцекачоў з Беларусі, канферэнц-залу, каворкінг, офісы і цэнтр прыёму і адпраўкі гуманітарнай дапамогі.
Павел Сакурэц з’яўляецца арганізатарам і асноўным выканаўцам праекту. Рэпарцёр газеты “Беларус” Міхась Чаропка патэлефанаваў у Мінеапаліс і паразмаўляў з Паўлам.
Міхась Чаропка (далей – М.Ч.): Вітаю, Павел, і віншую Вас з нагоды набыцця будынку. Адразу хачу запытацца пра колькасць беларусаў, якія пражываюць у Мінесоце і Мінеапалісе. Ці вядома вам? І колькі з іх звычайна прымаюць удзел у мерапрыемствах беларускай грамады?
Павел Сакурэц (далей – П.С.): Я не ведаю, колькі пражывае беларусаў у Мінеапалісе альбо Мінесоце. Магу сказаць прыкладна, што некалькі тысяч. Рускамоўных жыхароў, па чутках, тысяч дваццаць або трыццаць, але дакладнай лічбы ніхто не ведае. Можна спадзявацца, што пяць тысяч беларусаў набярэцца.
Наконт удзелу беларусаў у мерапрыемствах – тут залежыць, што мы робім. Калі прыязджала Ляўчук, дык прыйшло сто чалавек. На Купалле сабралося таксама сто чалавек. А калі былі іншыя беларускія артысты – прыходзілі сорак альбо пяцьдзясят чалавек.
М.Ч.: А як даўно вы вырашылі набыць памяшканне і як праходзіў збор грошай? Як адбываліся пошукі прыдатнага будынку?
П.С.: Насамрэч, мы шукалі будынак ужо гадоў пяць. Увесь час на рынку былі вельмі вялікія кошты. А зараз з’явіўся будынак за чатырыста тысяч, і калі кошт апусціўся да трохсот тысяч, то я вырашыў яго купіць.
Колькі людзей дапамагалі яго набыць? Прыблізна дзесяць чалавек склаліся па пяцьдзясят даляраў. Што тычыцца астатніх грошай, то я паклаў задатак сто тысяч і яшчэ дзвесце тысяч мне даюць фінансаванне на пяць гадоў.
М.Ч.: А што ўяўляе сабой будынак? Што там было раней? Якія планы па яго выкарыстанні?
П.С.: Будынак стаяў пусты ўжо некалькі гадоў. Там калісьці былі нейкія офісы. На першым паверсе быў цэх па дрэваапрацоўцы, нешта рэзалі па дрэве.
Што мы плануем зрабіць? Мы жадаем цалкам перабудаваць усё, каб зрабіць сучасныя офісы, каб там быў каворкінг. Таксама ёсць план зрабіць залю для выступаў прыязджаючых беларускіх артыстаў. Але самая галоўная мэта – гэта зрабіць своеасаблівы хаб. Хоць пакуль і невядома, ці атрымаецца запрасіць толькі беларусаў, але калі не атрымаецца, то частку будынку будзем здаваць амерыканскім кампаніям. Было б выдатна, каб будынак сам за сябе плаціў і ў нас яшчэ заставаліся нейкія грошы. Не ведаю, ці магчыма ўсё гэта, бо галоўным спонсарам з’яўляюся я.
М.Ч.: І напрыканцы такое пытанне, ці ёсць прыблізны план мерапрыемстваў? Каго плануеце запрашаць на адкрыццё?
П.С.: Плану мерапрыемстваў пакуль няма. Будаўнічыя працы пачнуцца дваццаць пятага красавіка. У залежнасці ад фінансавання, яны могуць заняць ад шасці да васьмі месяцаў. Каб усё зрабіць, неабходна ўкласці яшчэ чатырыста тысяч на рамонт. Таму пабачым, ці буду я браць суду на гэтую суму, бо не хацелася б такія грошы самому выкладаць. Там пабачым.
М.Ч.: Дзякуй за каментарый.
Такім чынам, беларускі цэнтр у Мінеапалісе стане яшчэ адной беларускай кропкай на мапе, разам з гарамадска-культурнай залай пры саборы с. Кірылы Тураўскага ў Брукліне, беларускім цэнтрам у Саўт Рыверы, фундацыяй Крачэўскага ў Куінз, а таксама шэрагам прыходаў беларускіх цэркваў Нью-Джэрзі і Нью-Ёрку.
Паглядзець на будынак можна ў наступным відэа:
Дапамагчы праекту беларускага цэнтру ў Мінеапалісе фінансава